Што паўплывае на асабісты бюджэт? Грашовыя змены з 1 кастрычніка

Заўтра, 1-га кастрычніка, набудзе моц цэлы шэраг эканамічных зменаў. Пачнем з добрага: некаторыя медыкі атрымаюць больш грошай. Напрыклад, у рэабілітолагаў з’явіцца даплата за асаблівасці прафесійнай дзейнасці, а ў псіхолагаў, фізікаў і хімікаў гэтая даплата падвысіцца. 

Міністэрства аховы здароўя ўвяло надбаўкі за складанасць і напружанасць працы для работнікаў падпарадкаваных яму бюджэтных арганізацыяў. Велічыня гэтых надбавак варʼюецца ад 80-ці да 120-ці адсоткаў ад акладу.

З 1 кастрычніка падвысіцца грашовая дапамога на пахаванне. На 29 рублёў 30 капеек. Яе памер залежыць ад сярэдняга заробку па краіне і змяняецца штомесяц.

Таксама з заўтрашняга дня будуць больш каштаваць цыгарэты: некаторыя маркі вырастуць у цане на 15 капеек, а некаторыя – нават на 45. Мацней за ўсё падаражэюць цыгарэты Гарадзенскай табачнай фабрыкі «Нёман» і ААТ «Інтэр-Табака».

«Праз гэтае павышэнне акцызаў ніхто паліць не кіне, ну, можа быць, нехта і кіне, але гэта вельмі малая колькасць людзей. Яны проста будуць больш плаціць вось гэтаму вялікаму манапалісту. Гэта відавочная фінансавая выгада для рэжыму, калі і шэрыя схемы не закрываюцца, і свой жа ўнутраны спажывец пачне плаціць за гэтыя тавары болей», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

Цэны на цыгарэты павялічыліся, бо падаражэлі акцызы. Гэта прадугледжана адноўленым Падатковым кодэксам у межах беларуска-расейскай дамовы.

«Што датычыць ураўнаважвання рознага роду тарыфаў акцызаў, гэта звязана з тым, што вельмі шмат беларускіх табачных і алкагольных вырабаў траплялі на расейскі рынак. І вядома, Расея палічыла, што яна губляе даход у бюджэт. Пытанне, ці будзе дастатковая плацежаздольнасць насельніцтва, каб купляць па больш высокай цане табачныя і алкагольныя вырабы», – палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Што ж да ліміту на ўвоз тавараў і пасылак з-за мяжы, то ён не зменіцца, як таго хацеў Дзяржаўны памежны камітэт. Прынамсі, яшчэ паўгода бязмытна ўвозіць наземным транспартам можна будзе тавары і атрымліваць пасылкі на суму да 1000 еўраў і вагою да 31 кілаграма. Пакінуць ліміты на папярэднім узроўні пастанавіла Еўразійская эканамічная камісія.

«Для беларускага рэжыму любы вываз валюты за мяжу ўяўляе пагрозу, то бок фактычна гэта недаатрыманы прыбытак ад дзяржаўных арганізацыяў, якія ёсць. І гэта, вядома ж, для іх вялікая праблема. Але рана ці позна яны яе будуць вырашаць, яны будуць рабіць больш жорсткія квоты на ўвоз – гэта адназначна», – кажа эканаміст Аляксей Харкевіч.

Для пенсіянераў кастрычнік – апошні месяц дзеяння зніжак на праезд у цягніках. Скарыстацца 50%й ільготаю яны могуць на рэгіянальных лініях эканом-класу.

Аліна Скрабунова, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама