Следчы камітэт пагражае «беглым»

Усіх знойдзем, усіх пакараем – вынікае з заявы намесніка старшыні Следчага камітэту Сяргея Аземшы аб апазіцыйных структурах за мяжой. Як сілавікі плануюць гэта зрабіць – невядома. Зрэшты, словы з пагрозамі могуць быць скіраваныя не толькі ды не столькі ў бок гэтак званых «беглых».

«Сёння розныя сілавыя структуры спаборнічаюць у тым, як мацней ладзіць рэпрэсіі супраць апанентаў і як мацней давесці сваю лаяльнасць Лукашэнку», – кажа палітолаг Валер Карбалевіч.

Імаверна, гэтым займаецца і кіраўніцтва Следчага камітэту. Беларускую апазіцыю яны вінавацяць у экстрэмізме, тэрарызме і бандытызме.

«Удзельнікі самаабвешчаных экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў – такіх, як Каардынацыйная рада, BYPOL, НАУ, – здзейснілі велічэзную колькасць злачынстваў на тэрыторыі Беларусі. Яны спрабавалі вярнуць у нашую краіну паўнавартасную арганізаваную злачыннасць. Хіба мы можам пакінуць усё гэта без пакарання? Сярод гэтых людзей самыя сапраўдныя бандыты і здраднікі радзімы», – заявіў намеснік старшыні Следчага камітэту Беларусі Сяргей Аземша.

Следчы камітэт ужывае «спецыяльнае вядзенне», што дазваляе расследаваць і даводзіць да суда справы, нават калі фігурант адсутнічае ў Беларусі. Гэтак, сёлета ў сакавіку Менскі гарадскі суд вынес выракі ў справе Каардынацыйнай рады. Тых, хто праходзіў у ёй, вінавацілі ў намеры захапіць уладу і закліках да гэтага, у экстрэмізме, закліках да санкцыяў і распальванні варожасці.

«Асабіста я ўспрымаю гэта як спробу чарговага ціску на беларускі дэмакратычны рух і, у прыватнасці, на Каардынацыйную раду. Гэта нічога новага, гэта пераслед актывістаў, іх сем’яў, грамадскіх арганізацыяў, незалежных медыяў, прызнанне іх усіх экстрэмістамі», – кажа спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў.

«Зараз яны, каб нейкім чынам схаваць свае злачынствы, каб іх не было ў парадку дня, яны спрабуюць увесь эфір забіць новымі справамі. Адкрываюць новыя спецвядзенні, новыя расследаванні, каб гаварылі не пра іхныя злачынствы, а абвінаваціць тых, хто з іхнымі злачынствамі змагаецца», – мяркуе старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Дэмакратычныя сілы выстаўляюць свой спіс абвінавачанняў – на адрас рэжыму Лукашэнкі. Ва злоўжыванні ўладаю, фальсіфікацыі выбараў, згоне самалёта, у злачынствах супраць чалавечнасці ды злачынствах агрэсіі, у пазасудовых расправах з апанентамі.

«Проста трэба быць цярплівымі і трэба быць гатовымі, што заўтра гэтых кіраўнікоў Акрэсціна і жодзінскай турмы, прапагандыста Азаронка не асудзяць. Але доказы іх віны павінныя быць зафіксаваныя сёння. Бо калі той момант надыдзе – усё мае быць гатовым», – тлумачыць Франак Вячорка.

Дамагаецца дэмакратычная апазіцыі і ордару Міжнароднага крымінальнага суда на арышт Лукашэнкі – за вываз украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў. Падобна, рэжым гэтая сітуацыя турбуе. Паводле МЗС Украіны, беларускі бок хоча прывезці да ўкраінскіх дзяцей з Лісічанску і Севераданецку, якія нібыта адпачываюць у Беларусі, заходніх дыпламатаў.

Валянцін Васіленка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама