Як свет рыхтуецца сустракаць Новы 2024 год

«Белсат» паглядзеў, як у розных краінах сустракаюць Новы год – зазірнуў у Паўночную Македонію і Японію, на пляж у Рыё і ў сэрца Нью-Ёрку.

Святы Мікалай, адмысловы калядны цягнік, вядомыя героі мультфільмаў і безліч ліхтарыкаў – святочна аздобленая галоўная плошча сталіцы Паўночнай Македоніі штодня запоўненая і дзецьмі, і дарослымі. Святкаваць новы год сюды прыязджаюць з усяго свету.

«Перш за ўсё ўражваюць дэкарацыі, добрая музыка. Я збіраюся сустрэць тут Новы год разам з сям’ёю».

«Мы прыехалі з Італіі на навагоднія святы», – кажуць госці Скопʼя.

Святочныя традыцыі – гэта не толькі Святы Мікалай, ялінка і феерверкі. У сінтаісцкай святыні Хіро-Дзіндзя ў заходняй Японіі перад Новым годам замяняюць сакральную вяроўку над вадаспадам Наці. Гэты 133-метровы вадаспад лічыцца абʼектам сусветнай спадчыны ЮНЭСКО, яго ўшаноўваюць як боства.

«Мы замянілі вяроўку ў спадзеве, што надыходны год будзе плённым для ўсіх», – кажа святар Кога Макі.

Навагодні рытуал на пляжы Капакабана ў Рыа-дэ-Жанэйра збірае сотні вернікаў. Тут даніну павагі аддаюць афрыканска-бразільскай багіні мора і ўрадлівасці, якую зваць Іеманжа. Вернікі прыносяць ёй кветкі, лісты, касметыку, алкаголь і прысмакі.

Ласункаў жа на новы год шмат не бывае. Перад святамі шакаладу трэба зрабіць амаль у паўтара разу больш чым звычайна, кажуць вытворцы:

«Перад Новым годам мы робім новыя формы, новыя смакі, якія добра пасуюць да свята».Адна з распаўсюджаных навагодніх традыцыяў – развітанне з тым, што не падабалася ў старым годзе і ад чаго хочацца пазбавіцца.

Людзі з усяго свету займалі чаргу на пляцы Таймз-Скўэр у Нью-Ёрку, каб спаліць свае кепскія ўспаміны. Дзень татальнага выкідання, або «Good Riddance Day», зладзілі тут ужо 17-ы раз. Спальвалі лішнія кілаграмы і няўпэўненасць у сабе, хваробы і войны, і ўрэшце агулам кепскае ў 2023 годзе.

«Штогод узнікаюць некаторыя рэчы, з якімі людзям цяжка справіцца. І гэта нашая магчымасць убачыць, як гэтыя рэчы фізічна знікаюць, каб мы маглі з надзеяй сустрэць 2024 год», – тлумачыць віцэ-прэзідэнт арганізацыі «Times Square Alliance» Ты-Джэй Ўітэм.

Надзеі на 2024 год месцяцца на гэтай жа плошчы – на навагодняй сцяне жаданняў, што існуе ўжо некалькі тыдняў. Тут кожны можа зрабіцца ўдзельнікам свята, бо пажаданні, якія людзі напісалі на каляровых паперках, выпусцяць як канфеці ў першыя секунды новага года. Прыкладна так, як падчас рэпетыцыі напярэдадні.

Святкаванне Новага году на Таймз-Скўэр у Нью-Ёрку – адно з найбуйнейшых у свеце, традыцыйны шар апускаецца тут з 1907 года. У навагоднюю ноч на плошчы чакаецца каля мільёна чалавек.

Што дораць на Новы год працаўнікам беларускіх прадпрыемстваў і калгасаў

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама