Быў і Коленькам, і Колем, а цяпер – не інакш як Мікалай. Малодшы сын кіраўніка краіны адзначае пятнаццаты Дзень народзінаў. Праз тры гады – поўнагадовы, праз дваццаць – ужо можа балатавацца на прэзідэнцтва.
Аднак, як сам неаднаразова прызнаваўся, гэтая пасада яго не вабіць. І сапраўды, нягледзячы на свой малады ўзрост, дзевяцікласнік Мікалай Лукашэнка паспеў адчуць на сабе ўсе «чары» прэзідэнцкага жыцця. Ужо ў сямігадовым узросце – атрымаў пагоны генерала. Быў побач з бацькам і на выбарах, і на інаўгурацыі, і нават у метро – адразу пасля выбуху.
«Гэта самае няшчаснае дзіцё з тых, якіх я бачыў. Вы разумееце, у яго жыццё – гэта бацька, які яго паўсюль цягае. А Коля (мы гэта і ў нашай сатырычнай праграме «Эксперт» выкарыстоўваем), Коля – ён жа павінен быць і нармальным. У ім абавязкова ўсё ёсць гэтае нармальнае», – кажа рэжысёр Юрый Хашчавацкі.
Шматкроць Лукашэнку крытыкавалі, што той адрывае дзіця ад школы. Замест заняткаў Коля дарыў падарункі Пуціну і першай лэдзі Кітаю, паціскаў руку Папу Рымскаму ды збіраў кавуны ў прэзідэнцкай сядзібе. Аднак апошнім часам заўважна пасталеў. На публіцы з’яўляецца куды радзей, у «айфонах-плафонах» больш не сядзіць – займаецца пераважна хакеем ды біятлонам. Вучыць кітайскую. Грае на фартэпіяна ды выступае на розных імпрэзах, чым кожны раз расчульвае кіраўніка краіны. Той, у сваю чаргу, песціць сына дарагімі падарункамі. Раяль за $ 18 000, біятлонная вінтоўка за $ 3500 ды ровар за € 7500.
Падчас вулічнага апытання, чаго ж яшчэ няма ў дзіцяці, дзеля якога нават заняткі ў школах перанеслі на пазнейшы час, мы пачулі і пра «якую-небудзь частку Беларусі» і пра «верталёцік, каб у школу ў корках не ездзіць».
Чаго сапраўды не хапае малому Лукашэнку, дык гэта, бадай, звычайных чалавечых адносінаў. Чаго варты толькі той выпадак, калі на Еўрапейскіх гульнях да яго падышлі выпадковыя гледачы? І надзіва не яму, а ён сам прапанаваў ім сфатаграфавацца.