Дом № 51 па вуліцы Крывуліна ў Магілёве здалі яшчэ 30 жніўня, але жыхары дагэтуль не могуць ні засяліцца, ні зрабіць рамонту. Бо ў будынку ніяк не ўключаць ацяплення.
Жыхарка дому Дар’я Раманчук сведчыць:
«Як быццам у лядоўні, напэўна. Што на вуліцы, што тут. Але, мне здаецца, тут нават больш холаду».
Менавіта праз холад і вільгаць у кватэрах забудоўнік – Магілёўскі домабудаўнічы камбінат – не можа выправіць сваіх хібаў. А жыхары іх налічылі вельмі шмат.
«На балконе не дафарбаваныя сцены, вісяць кавалкі фарбы, не замураваныя да канца – пена не сабраная. Вокны ўсталяваныя не сваіх памераў і з іх моцна задзімае па баках», – пералічвае Тамара Гаўрыленка.
Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:
У суседнім пакоі таксама брак – на акне пашкоджаная гумка. У купальні пайшла расколіна па сцяне. Суседзі Тамары наракаюць на пабітыя дзверы і няроўную падлогу. Гэтыя праблемы зафіксаваныя ў кватэры Святланы Сілковай:
«Правальваецца пад радыятарнымі батарэямі ламінат, зроблена дрэнная сцяжка, асабліва ў спальным пакоі. Тут нічога не зрабілася, як было правальванне, так яно і ёсць».
Дом будаваўся паводле Указу кіраўніка краіны № 240 як сацыяльнае жытло, таму большасць жыхароў – гэта шматдзетныя сем’і.
«Прадстаўнікі забудоўніка казалі: «А якая вам розніца? Вам зрабілі – бярыце, што вам далі, вы ж усё роўна бясплатна атрымліваеце жыллё». Выбачайце, мне за гэтую кватэру ў месяц трэба плаціць 350 рублёў крэдыту», – кажа жыхарка дому Святлана Сілкова.
Уласнікі кватэраў пакуль жывуць хто ў інтэрнатах, хто ў арэндным жыллі. Але ўсе яны, згодна з заканадаўствам, мусяць з’ехаць адтуль і засяліцца ў свой новы дом у лютым.
«Першапачаткова, калі браць заканадаўства, павінны здавацца ўсе вонкавыя камунікацыі, павінны здавацца электрычныя станцыі. Потым павінны здавацца дамы. У нас у сувязі з тым, што няправільна ідзе паслядоўнасць па пуску, спачатку здаюцца дамы, а потым здаюцца камунікацыі», – тлумачыць сітуацыю старшыня таварыства ўласнікаў Станіслаў Труханенка.
Перш чым у кватэрах з’явіцца цяпло, трэба ўвесці трансфарматарную падстанцыю. За гэта нясе адказнасць «Энерганагляд». Відавочна, на нейкім этапе дакументаабароту адбылося затрыманне. Сітуацыю праясніў намеснік галоўнага інжынера Упраўлення капітальнага будаўніцтва Магілёва Андрэй Струновіч:
«Асноўнае было пытанне – гэта падача напружання на дадзены дом па пастаяннай схеме, у цяперашні час гэта пытанне вырашана, усё дазвольныя дакументы атрыманы. І ў дадзены момант Магілёўскія электрычныя сеткі гарадскія робяць падлучэнне падстанцыі, і літаральна сёння-заўтра будзе пададзенае напружанне на дамы».
Як толькі жыхары паўсталі, праблема стала развязвацца. Прадстаўнік арганізацыі-замаўляльніцы абяцаў, што ўжо на гэтым тыдні ў 51-м доме па вуліцы Крывуліна будзе ацяпленне. А зваротаў жыхароў аб няякасным адштукаванні кватэраў без увагі не пакінуць. Жыхарам хочацца верыць у вусныя абяцанні, але яны чакаюць і афіцыйнага адказу на свае прэтэнзіі.
Вольга Васільева belsat.eu
Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»: