Не толькі камунальныя, але і ахова здароўя, адукацыя ды нават транспарт! Міністарка працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч патлумачыла, за што гэтак званыя дармаеды маглі б плаціць больш паводле «поўных коштаў». Але ж як гэта ўвогуле можа вязацца з Канстытуцыяй ды заявамі іншых чыноўнікаў, якія называюць Беларусь сацыяльнай дзяржаваю?
Беларусь – дзяржава для народу, краіна для жыцця. Штампы, якія нястомна нараджае дзяржаўная прапаганда, пакрысе робяцца ўсё менш актуальнымі. Міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч заявіла, што падвышаныя камунальныя плацяжы – не апошняе, што можа чакаць беспрацоўных.
«Казалі і пра ахову здароўя, пра адукацыю, казалі пра транспартныя паслугі. Але давайце так: паглядзім, як запрацуе норма пастановы, якая прадугледжвае аплату паслуг ЖКГ, а далей будзем глядзець. Спачатку трэба пабачыць практыку. Галоўнае – каб гэтая сістэма працавала, працавала не дзеля збору грошай праз поўнае вяртанне затратаў. Самае галоўнае – актыўнасць на рынку працы з боку насельніцтва», – кажа міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.
Аднак незалежныя эксперты моцна сумняюцца, што неадназначны прэзідэнцкі дэкрэт № 1 сапраўды паспрыяе актыўнасці на рынку працы.
«Дэкрэт не будзе працаваць. Даруйце, па ўсім свеце любыя ўрады актывізуюць рынак працы толькі адным спосабам – ствараюць мноства новых, эфектыўных працоўных месцаў», – лічыць Аляксандр Ярашук з Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
Улады ж Беларусі эфектыўнасць бачаць у колькасці працаўладкаваных – ды няважна, дзе, як і з якім заробкам.
«Да першага траўня ўсе людзі павінныя быць на працы», – загадваў Аляксандр Лукашэнка.
З таго першага траўня заўтра мінае год, а фактычных беспрацоўных у краіне, паводле красавіцкіх звестак Белстату, застаецца больш за 260 тысяч чалавек!
«Калі чалавек сапраўды дармаед, значыць, яго трэба прымусіць працаваць», – казаў кіраўнік Беларусі.
«Прымусіць працаваць» кіраўнік дзяржавы калісьці прапаноўваў і праз падатак. Пасля пратэстаў стратэгія змянілася. Цяпер дармаеды вінаватыя ў тым, што карыстаюцца сацыяльнымі дабротамі, якія нібыта субсідуе дзяржава: паслугамі ЖКГ, медыцынаю, адукацыяй. Што праўда, большасць тых паслуг – апрыёры бясплатныя паводле Канстытуцыі. Дый наагул, як апошнія прапановы ды пастановы чыноўнікаў могуць вязацца са статусам сацыяльнай дзяржавы?
Дык што ж такое Беларусь? Дзяржава ДЛЯ ці СУПРАЦЬ народу? Пытанняў пра «сацыяльнасць» краіны ўсё больш.
Сцяпан Святлоў, «Белсат»