Дзень народзінаў «Белсату» – з гледачамі!

10 снежня «Белсату» 13 гадоў. Журналіст Ігар Ільяш адсвяткуе пасля працы над чарговым тэкстам. Хоць яшчэ ўчора калегі сустракалі яго з 15 содняў, якія правёў у Баранавіцкім ізалятары.

Сядзеў за ідэалы і прынцыпы, за прафесію, якую ўлады такім чынам замінаюць выконваць:

«Па сутнасці гэта як раз тыя падзеі, дзеля якіх мы аднойчы ў прафесію і прыйшлі – каб асвятляць гэтыя падзеі, каб быць у першых шэрагах, калі яны будуць адбывацца«, – разважае Ігар.

Эпідэмія каронавірусу – на пачатку года – суправаджалася парушэннем правоў беларусаў на праўдзівую інфармацыю. Журналістаў судзілі за інтэрв’ю з лекарамі, лекараў – звальнялі. Але масавыя рэпрэсіі супраць свабоды слова ў краіне распачаліся пад час выбарчай кампаніі і дасягнулі жорсткіх формаў (прыцягнення да крымінальнай адказнасці) – у паслявыбарчы час. 26 нашых журналістаў сёлета атрымалі агулам 382 дні арышту.

Прадстаўніца «Белсату» у Менску Ірына Слаўнікава вывучыла нумары тэлефонаў усіх сталічных міліцэйскіх пастарункаў. У карпаратыўным чаце яна штодня аднаўляе статыстыку затрыманняў.

«За нашымі журналістамі сочаць, цяжка выходзіць на вуліцу. Да таго ж яшчэ каронавірус, і шматлікія з іх мусілі сысці на аддаленую працу. Вядома, што тэлефоны нашых калегаў праслухоўваюцца. Даводзіцца прымаць захады, каб забяспечыць бяспеку нашых калегаў і нашых герояў», – кажа Ірына.

Усё дзеля таго, каб выйсці ў эфір у вызначаныя гадзіны з праўдзівай інфармацыяй, меркаваннямі, прагнозамі і… поўна паказаць гледачам карцінку гэтага дня. Кацярына Бараноўская з Віцебску – традыцыйнага тэлебачання не глядзіць:

«Бо прагляд тэлевізару выклікае пэўнае адчуванне паралельнай рэальнасці. Таму выбіраючы паміж многімі каналамі, вырашыла спыніцца менавіта на «Белсаце». Інфармацыя падаецца аб‘ектыўна», – лічыць глядачка.

Кацярына амаль штодня глядзіць вечаровыя навіны, ці то студыю «Белсат», а ў апошні час і дакументальнае кіно. Разам з сынам Іванам.

«Я яму распавядаю пра герб пра Пагоню пра ўсё, гісторыю канешне цікава вывучаць. Нешта яшчэ там гумарыстычнае, палітычная сатыра мне падабаецца».

У цяжкія часы грамадства аб’ядноўваецца праз агульную мову і нацыянальныя сімвалы, адпачывае – праз мастацтва і гумар. Усё гэта – ёсць у эфіры «Белсату», на старонцы ўэб, у сацыяльных сетках, і як ніколі актуальным сёлета Тэлеграме. У траўні «ТГ Белсат» налічваў каля 4 тыс падпісантаў. У перадвыбарчы дзень – 12 600, а ўжо пасля выбараў – 10 жніўня – 35 тыс, і 76,5 тыс – праз яшчэ чатыры дні. Сёння на тэлеграм нас чытаюць 114 700 тысячаў. Патрэба грамадства ў праўдзівай і «хуткай» інфармацыі расце як снежны ком.

Самы папулярны з дзевяці каналаў «Белсату» на Youtube – канал «Belsat News» перад мінулым днём народзінаў святкаваў атрыманне срэбнай кнопкі за 100 тыс падпісантаў….Цяпер гэта 442 тысячы асобаў – у чатыры разы больш! Глядзяць тэлеканал – найбольш праз спадарожнікавае тэлебачанне і онлайн.

Гледачы з розных гарадоў кажуць:

«Калі людзі пратэстуюць, важна каб незалежныя медыі асвячалі гэта. Белсатаўцы вельмі добра робяць такую працу».

«Белсат» для мяне – гэта вялікае вакно ў мір гонару, справядлівасці, дабрыні і чалавечнасці, таму што «Белсат» паказвае праўду».

«Жадаю, каб у наступным 2021 годзе я змог глядзець канал у сетцы вяшчання Беларусі».

Такое магчыма – лічыць дырэктар нашага тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы, бо пункт невяртання беларусы ўжо прайшлі. «Белсат» у гэты гістарычны час – на хвалі падзеяў – у ліку іншых медыяў.

«Настаў час, калі ўсе рэдакцыі незалежных медыяў Беларусі мусяць супрацоўнічаць. Цяпер няма месца канкурэнцыі. Мы ўсе рызыкуем жыццём і свабодай нашых журналістаў, а значыць прадукт, дзеля якога рызыкуем – маем паказваць і ўласным гледачам ды чытачам, і чытачам іншых медыяў», – лічыць спадарыня дырэктар.

Сёлета праявілася неверагодная салідарнасць беларусаў, якія імкнуцца да пераменаў і журналістаў, якія рэгіструюць гэты момант. Жонка Ігара Ільяша – таксама нашая журналістка Кацярына Андрэева – трапіла за краты як арганізатарка пратэстаў, калі вяла наўпроставую трансляцыю зачысткі Плошчы Пераменаў сілавікамі. Муж арыштаванай робіць выснову:

«Таму гэта перш за ўсё была помста за менавіта гэты гістарычны стрым, але таксама і фактар сукупнасці ў дзейнасці Каці, як журналісткі, як прафесіянала, таксама згуляў ролю».

Каманда «Белсату» удзячная кожнаму калегу і каляжанцы, за тое што працуеце ў цяжкіх умовах.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў.
Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама