Баланс Еўрапейскіх гульняў у Менску, якія скончыліся сёння, – мінус 265 млн долараў для бюджэту і нуль заваяваных ліцэнзіяў на Алімпіяду для беларускіх спартоўцаў. Каментуе аглядальнік газеты «Прессбол» – і менчукі на вуліцах.
50 краінаў-удзельніц, 15 відаў спорту, з іх 8 – кваліфікацыйныя да Алімпіяды ў Токіа налета і больш за 4 тысячы спартоўцаў – афіцыйная статыстыка Другіх Еўрапейскіх гульняў здольная ўразіць. Прынамсі беларускіх чыноўнікаў, некаторыя з якіх упарта называлі гэтыя гульні Алімпійскімі. А тут яшчэ і другое месца Беларусі ў агульным медальным заліку, у якім з 69-ці заваяваных медалёў 24 – залатыя. Шкада, што ў кожнага медаля – хоць еўрапейскага, хоць алімпійскага – заўсёды ёсць і адваротны бок.
«З іншага боку, паглядзіш, што алімпійскіх ліцэнзіяў, якія разгульваліся на Еўрапейскіх Гульнях, мы заваявалі роўна… нуль. Нямеччына заваявала сем залатых медалёў, але шэсць з іх прынеслі ім наўпроставыя пуцёўкі на Алімпіяду ў Токіа. А мы заваявалі роўна нуль алімпійскіх ліцэнзіяў«, – кажа спартовы аглядальнік газеты «Прессбол» Сяргей Южык.
Прынамсі канфузам выглядаюць і звесткі ад Памежнага камітэту, які налічыў крыху больш за 12 тысяч замежнікаў, якія заехалі ў Беларусь паводле акрэдытацыі і квіткоў на Гульні. Дый гэтыя дванаццаць – з улікам чатырох тысяч спартоўцаў. Нават калі дадаць тых, хто мог прыехаць праз Расею або прыляцець праз аэрапорт «Менск» і ўжо тут набыць квіткі, – усё адно атрымліваецца ўдвая менш за планаваныя ўладамі 30 тысячаў. Што рабіць у гэткай сітуацыі? Ну канечне ж, раздаваць квіткі бясплатна або нават і заганяць сілком літаральна ўсіх – ад жаўнераў да лекараў!
«Як апынулася, фан-зоны пустыя, людзей няма, на трыбуны трэба заганяць бюджэтнікаў. А бюджэтнікі, якія былі з іншых гарадоў, нават не прышлі на трыбуны: яны папросту прыехалі паглядзелі Менск«, – кажа Сцяпан Святлоў, вядомы як блогер «Nexta».
Чым жа, чым жа яшчэ можна было б уразіцца на гэтай спартовай імпрэзе? Выдаткамі на арганізацыю, якія ад першапачаткова заяўленых $ 50 млн у выніку выраслі больш як у пяць разоў.
Мы выйшлі на вуліцы Менску, каб запытацца жыхароў гораду, што яны думаюць пра Гульні.
«Белсат»: «На гэтыя Гульні выдаткаваныя 265 мільёнаў долараў з бюджэту, нашых падаткаў. Вось скажыце, апраўданыя гэткія выдаткі ці не, і чаму? Вашае стаўленне?»
Мянчук: «Вы можаце ўявіць, я думаю, што так. Таму што гэта Гульні! Гэта Еўрапейскія гульні! І іншы бок – гэта не нашыя падаткі і ўсё астатняе, гэта і еўрапейскія грошы ўкладзеныя! Ці не? Не, так?».
«Белсат»: «Нашыя».
Мянчук: «Нашыя? Ну, бывае па-рознаму».
Падобныя настроі, дарэчы, не толькі ў Менску, цвердзіць «Nexta», які ад самага пачатку называе гэтыя гульні не Еўрапейскімі, а Галоднымі.
«Людзі ў рэгіёнах пішуць у суполках адкрыта – ужо не баяцца і не просяць пра ананімнасць – пра тое, што гэтыя грошы можна было накіраваць у шпіталі, у школы, калі ўвесь час просяць скінуцца на падручнікі ці нейкую пафарбоўку сценаў – а ў гэты час яны пашлі на забавы аднаго чалавека!», – дадае Святлоў.
«Увогуле за бюджэтныя грошы падобнае ладзіць – гэта, я лічу, злачынства, разумееце? Ува ўсім свеце намагаюцца акупіць праз міжнародных спонсараў, тэлевізійныя правы – у нас гэта нічога не згуляла. Вешаць на краіну гэткую пазыку – потым гэта гукнецца!», – кажа Сяргей Южык.
Хаця Беларусі да пазыкаў не прызвычайвацца. Гэтыя гульні зладзілі за крэдыт, а вось як выкленчым у каго-небудзь яшчэ грошай – абавязкова яшчэ што-небудзь правядзем!
Валера Руселік, «Белсат», фота анонсу – Sergei Bobylev / ТАСС / Forum