Горадня – адзін з нешматлікіх гарадоў, дзе ў цэнтры захавалася ўнікальная драўляная архітэктура. Аднак ужо шмат гадоў дамы знаходзяцца пад пагрозаю зносу. Пераканаць улады даць некаторым пабудовам шанец на захаванне атрымалася мясцовым гісторыку і краязнаўцу.
На фотаздымках пачатку 20 стагоддзя – жыхары раёну Новы Свет у Горадні. Іхныя драўляныя дамы, пабудаваныя ў даваенны перыяд, часткова захаваліся і цяпер. Гісторыю кожнай забудовы вывучаюць і старанна захоўваюць краязнаўцы і гісторыкі. Журналіст і краязнаўца Руслан Кулевіч распавядае:
«Пакуль яны яшчэ ў такім здавальняючым стане, мы мусім штосьці рабіць. Захоўваць. Таму што гісторыкі спрабавалі, пісалі ў Міністэрства культуры, каб усе гэтыя дамы занеслі ў гістарычную ахоўную зону, але, на жаль, не занеслі».
Цяпер шмат якія з гэтых будынкаў застаюцца на балансе дзяржавы і пустуюць. Замест аднаўлення мясцовыя ўлады прызнаюць іх аварыйнымі і зносяць. Гэтак, у сярэдзіне 2000-ых пад экскаватары пайшла вялікая частка ўнікальнай драўлянай архітэктуры ў Новым Свеце.
«Менавіта пасля гэтага быў знесены «Гарачы хлеб». Мы ведаем гэтую сітуацыю. І пасля таго мы страцілі вельмі каштоўны будынак на вуліцы 17 верасня – пякарню Любэга, вельмі цікавы будынак быў. Дом адваката на вуліцы Астроўскага», – гаворыць гісторык Мечыслаў Супрон.
Між тым, за захаванне гістарычнага цэнтру гораду выказалася большасць апытаных намі гарадзенцаў:
«Калі нешта можна, то значыць, трэба нешта зрабіць. Навошта зносіць?»
«Калі магчыма, то рэканструяваць. Таму што гэта спадчына ўсё-такі».
«Знесці. – Чаму? – Таму што ніхто не хоча за іх брацца».
«Старыя дамы адрэстаўраваць можна. Мне так здаецца. Архітэктары няхай папрацуюць».
Даць шанец драўляным дамам усё ж удалося. Пасля сустрэчы з гісторыкам Мечыславам Супронам і краязнаўцам Русланам Кулевічам старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму прапанаваў выставіць будынкі, што маюць гістарычную каштоўнасць, на аўкцыён. Што праўда, прапанова, якая магла б зацікавіць інвестараў, мае свае хібы.
«На гэты момант у нашым заканадаўстве няма ніякіх нормаў, ані пажарных, ані тэхнічных, ані нарматыўных, якія б дазволілі ў гэтых будынках з дрэва адкрыць якую-небудзь камерцыйную ўстанову», – тлумачыць Мечыслаў Супрон.
А таму набыць драўляныя дамкі можна будзе хіба толькі на ўласныя патрэбы або пад аграсядзібу. Кошт першага аварыйнага дому на вуліцы Асіпенкі, 3 стартуе ад 5 тысяч долараў у эквіваленце.
Юлія Лабанава, belsat.eu