Абвесціць банкруцтва – пазбавіцца праблемаў па пазыках. Гэткую стратэгію абрала кіраўніцтва Кастюковіцкага леспрамгасу, што на Магілеўшчыне. Дзейнасць прадпрыемства спыніла ўжо амаль як два гады, аднак дагэтуль не разлічылася з былымі працаўнікамі, пакінуўшы іх сам на сам са сваімі праблемамі.
Інжынерам па ахове працы ў Касцюковіцкі леспрамгас Ірына Платонава ўладкавалася напрыканцы 2012 года. У той час на прадпрыемстве працавалі больш за 200 чалавек, справы ішлі добра і нішто не прадказвала магчымых праблемаў. Вось толькі з прыходам новага дырэктара з’явілася практыка скарочаных графікаў і ўрэзаных заробкаў.
«Не было ніякіх унесена зменаў ні ў кантракты, не было папярэджанняў аб зменах умоваў працы, не было ніякіх перадумоваў, проста ён прыбіраў заробак, або выплачваў столькі, колькі лічыў патрэбным», – распавядае былая працаўніца Касцюковіцкага леспрамгасу Ірына Платонава.
Новы кіраўнік Віктар Касцянкоў пачаў выплочваць Ірыне аклад паводле пасады, пазбаўляючы надбавак. Па дапамогу жанчына звярнулася ў Крычаўскую інспекцыю дэпартаменту працы, працаўнікі якой парушэнняў нібыта не знайшлі. Што праўда, заробак жанчыне ўсё ж выплацілі.
«Такая ж гісторыя пасля гэтага паўтарылася ў мяне ў красавіку. Тут я не стала звяртацца ў дэпартамент, а звярнулася ў Беларускі прафсаюз працаўнікоў лесу», – кажа Ірына Платонава.
Юрысты прафсаюзу ды інспектары ў працоўных спрэчках парушэнні пацвердзілі. Чакаць яшчэ аднаго дэжавю Ірына не стала ды звольнілася з працы і падала на прадпрыемства ў суд. У справе – перамагла. Тым не менш законнага заробку чакае дагэтуль.
Віктар Касцянкоў, дырэктар Касцюковіцкага леспрамгасу:
-З ёй будзе разлічана… Яна ведае, калі з ёй разлічацца. Ёй казалі гэта неаднаразова.
-А можаце сказаць нам?
– Не, вы што, гэта ж канфедынцыйная інфармацыя.
– Ёсць запазычанасці перад іншымі працаўнікамі?
– Гэта закрытая інфармацыя.
Суд пастанавіў, што запазычанасць Касцюковіцкага леспрамгасу перад Ірынай Платонавай цяпер складае больш за 4 тысячы рублёў. У гэтую суму ўваходзіць нясплочаны заробак, кампенсацыя за нявыкарыстаны адпачынак і выхадную дапамогу. У аддзеле антыкрызіснага кіравання пры райвыканкаме паціснулі плячыма. Маўляў, прадпрыемства – прыватнае. Спагнаць грошы судовыя выканаўцы таксама не могуць, пакуль адбываецца ліквідацыя кампаніі.
«Цяпер прадпрыемства перабывае на стадыі банкруцтва, і ў яго ўся маёмасць, якая ёсць, дастаткова складана звярнуць у грашовую масу, гаворачы простаю моваю. Цяпер ёй нічога не застаецца, гэтай жанчыне, апроч таго, каб чакаць, пакуль гэтая маёмасць на гандляваннях будзе прададзеная, і з гэтае сумы ёй штосьці выплацяць«, – кажа юрыст прафсаюзу РЭП Аляксандр Хамратаў.
Паводле былой працаўніцы лясгасу, прадпрыемства часткова распрадаецца. Аднак угандляванае ад тэхнікі сыходзіць на заробак антыкрызіснаму кіраўніку, былому дырэктару прадпрыемства і вартаўнікам.
Юлія Лабанава, «Белсат»