Кавярня «Veterano Pizza», дзе не смяюцца з вайны, а смяюцца на вайне

Сустрэць апяяны рамантычнымі фільмамі дзень не банальна, у месцы з гісторыяй і ўласным каларытам прапаноўваюць былыя байцы антытэрарыстычнай аперацыі. Ужо тры гады ў цэнтры Кіева хлопцы і дзяўчаты пякуць піцы, вараць каву ды змешваюць кактэйлі. Смак баявога кахання паспрабавала Адэля Дубавец.

Дзень святога Валянціна – выклік для фантазіі не толькі асобных закаханых людзей, але і цэлай індустрыі, што вабіць сэрцамі ды зніжкамі. Раніцай 14-га лютага ў кіеўскай піцэрыі «Veterano» людна. Ахвотныя вучацца зараджаць любоўю непадатлівыя кавалкі цеста. Сёння ўсе піцы тут будуць тэматычныя.

«З дня адкрыцця мы робім піцы ў форме сэрцаў. Гэта не столькі камерцыя, колькі прыкол. Насамрэч нам усё роўна, якой формы піцу пячы», – кажа Леанід Астальцаў, дырэктар «Veterano Pizza».

Канцэпцыя рэстарану ад кахання далёкая максімальна: як кажа сама назва, «Veterano» – бізнес удзельнікаў антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. Леанід, які да вайны працаваў піцаёлам, вярнуўшыся ў мірнае жыццё, тры гады таму запачаткаваў уласную справу і пачаў запрашаць на працу іншых байцоў. Леанід Астальцаў:

«99 % ветэранаў, што працуюць у нас, не мелі досведу працы на кухні наагул. І гэта вельмі крута, бо тыя, хто вяртаюцца з вайны, як правіла, не хочуць займацца тым, чым займаліся да вайны, хочуць кардынальна змяніць жыццё. Кухня – гэта добрая магчымасць, бо гэта творчасць».

Справа пачалася са 150-ці долараў і двух чалавек, цяпер жа пад брэндам «Veterano» – 160 асобаў, рэстаран, сетка кавярняў, пякарня, усталяванне сонечных батарэяў, служба аховы і нават сэрвіс таксі.

Пакаштаваць італійскае сэрца з украінскім характарам можна ўсяго за пяць крокаў ад Майдану Незалежнасці, то бок – у самым сэрцы Украіны. Інтэр’ер «Veterano» – рэчы з гісторыяй: карціны ветэранаў, баявыя ўзнагароды. Усё сюды прынеслі валанцёры ды ветэраны. Для шмат каго месца культавае, амаль роднае.

«Я прыехала сюды сустрэцца з сябрамі, у мяне сёння дзень народзінаў. Сяджу, чакаю, пакуль усе вызваляцца», – кажа Ілона, ветэранка АТА, Чарнаўцы.

«Тут піца больш тонкая, чым у Італіі. Але вельмі смачная. Гэта адно з месцаў у Кіеве і Украіне, дзе ўмеюць гатаваць піцу», – гаворыць Джаванні, валанцёр з Італіі.

У меню «Veterano Pizza» пазначана – тут не знойдзеш смажаных дзяцей альбо Пуціна. У рэстаране не смяюцца з вайны, а смяюцца на вайне. Смех, як і каханне, дапамагае жыць і перамагаць.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама