Праз складаную эпідэміялагічную сітуацыю ў грамадскім транспарце пачалі праводзіць дэзынфекцыю. Не стаў выключэннем і тралейбусны парк № 1 Магілёва.
Аднак рабіць гэта абавязалі звычайных кіроўцаў. Пасля першага ж апрацоўвання ў кіроўцы Аляксандра Бажкова запяршыла ў горле, пасля другой ён звярнуўся да лекара.
«У мяне на дадзены дэзраствор маецца алергічная рэакцыя. Я падаў даведку наймальніку, што я не магу апрацоўваць, але я свае абавязкі працоўныя выконваю», – кажа звольнены кіроўца тралейбуса Аляксандр Бажкоў.
Са словаў Аляксандра, у аўтобусным парку, у адрозненне ад тралейбуснага, дэзынфекцыяй транспарту займаецца спецыяльная брыгада. Пасля таго, як працаўнік адмовіўся апрацоўваць транспарт, кіраўніцтва парку пазбавіла яго дваццаці адсоткаў прэміі, а пасля паведаміла, што яго звальняюць за «невыкананне працоўных абавязкаў».
Каментаваць нам гэтую справу дырэктар магілёўскага тралейбуснага парку № 1 Сяргей Манастырэнка адмовіўся.
«З тэлеканалам ужо супрацоўнічаў з нагоды 50-годдзя прадпрыемства, потым хадзіў па судах. Таму калі вас нешта цікавіць, вы афіцыйна звярніцеся, я вам адкажу».
Аляксандра Бажкова звольнілі адзінАццатага траўня, ягонаю справаю займаюцца магілёўскія праваабаронцы.
«У камітэце па правах чалавека распрацаваныя 10 прынцыпаў захавання правоў чалавека падчас коронавіруснай эпідэміі. І там у 6-м прынцыпе паказана, што забараняецца, не павінны звальняць работнікаў за патрабаванне запэўніць медычную бяспеку», – распавёў праваабаронца Барыс Бухель. Каб абараніць свае працоўныя правы, Аляксандр Бажкоў рыхтуе пазоў у суд.
Дар’я Чульцова, «Белсат»
Фота вокладкі: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum