Мясніковіч у Польшчы: вынікі перамоваў

Заключны дзень для беларускай парламенцкай дэлегацыі ў Варшаве. Сёння прайшлі самыя важныя сустрэчы – з польскім прэзідэнтам і прэм’ерам. А таксама – візіт у Сейм, дзе бакі падпісалі пагадненне.

Гэтак Беларусь і Польшча дамовіліся аб узаемным сацыяльным забеспячэнні для грамадзянаў. Гэта дазволіць беларусам, што працавалі ў Польшчы, і палякам, што працавалі ў Беларусі, атрымліваць пенсіі, сацыяльную дапамогу, а таксама страхаванне пры няшчасных выпадках на прадпрыемствах. Міхаіл Мясніковіч, Старшыня Савету Рэспублікі Беларусі:

«Усе нашыя сустрэчы былі вельмі канструктыўныя, і яны былі накіраваныя на перспектыву, на ўвагу да простых людзей, моладзі».

Што праўда, падпісанне пагаднення – вынік папярэдняй шматгадовай працы. За зачыненымі дзвярыма гаворка магла пайсці і пра набалелыя праблемы. Паміж Польшчай і Беларуссю дагэтуль застаецца актуальная праблема адукацыі па-польску і статусу польскай меншасці ў Беларусі. Станіслаў Карчэўскі, старшыня Сенату Польшчы:

«Я перакананы, што нашыя сустрэчы, нашыя размовы, нашыя дачыненні набліжаюць нас да развязання ўсіх спрэчных справаў. Мы абмеркавалі ўсе справы, што датычаць святаў, а таксама будучыні Саюзу палякаў Беларусі».

Вялося і пра эканамічную супрацу ды развіццё супольнага бізнесу. Праўда – і тут без канкрэтыкі. Уладзімір Мацкевіч, метадолаг:

«Гэта парламенцкі візіт. Па-першае, палякі лічаць нелегітымным гэты парламент, таму нічога, апроч палітычных пытанняў не будзе на мэце гэтага візіту».

Па-другое, паводле Уладзіміра Мацкевіча, сучасная стратэгічная палітыка Польшчы засяроджаная перадусім на ўласным рынку ды гандлюе з выгадай для сябе.

Апроч палітычнай і эканамічнай супрацы, польскі і беларускі бакі абмеркавалі і пытанне культурнай супрацы. На знак чаго Міхаіл Мясніковіч падараваў Польшчы факсімільнае выданне кніг Францыска Скарыны. Польскі сенатар прыняў запрашэнне на святкаванне тысячагоддзя Берасця. У кантэксце культурным прагучалі і публічныя згадкі пра агульную гісторыю ды Люблінскую ўнію. Раней казалі перадусім пра братэрства з расейскім народам. Павел Усаў, палітолаг:

«Калі палітыкі пачынаюць размаўляць пра гісторыю, гэта азначае, што ніякіх больш сур’ёзных тэмаў яны абмяркоўваць не могуць. Або гэтыя сурʼёзныя тэмы не становяцца ключавым пытаннем».

Ужо заўтра Міхаіл Мясніковіч паедзе ў Беласток. Адтуль у яго запланаваны візіт, якога няма ў праграме ды куды не паедзе польская дэлегацыя, – у вёску Заляшаны, дзе ў 1946 годзе атрады Рамуальда Райса на мянушку Буры забілі семдзесят дзевяць вяскоўцаў, збольшага беларускага паходжання. Польскі інстытут нацыянальнае памяці прызнаў, што гэтае злачынства мела прыкметы генацыду.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама