Беларусь рыхтуецца да Еўрапейскіх гульняў. Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб дадатковых захадах бяспекі падчас спартовага мерапрыемства: забарону карыстання беспілотнікамі, дадатковыя паўнамоцтвы сілавікам і ўзмацненне цэнзуры ў інтэрнэце.
Бадмінтон, баскетбол 3х3, байдаркі, стральба з лука, настольны тэніс і пляжны футбол. Усяго ў праграме Еўрапейскіх гульняў – 15 відаў спорту. На падрыхтоўку Менску і ваколіцаў з бюджэту пайшлі дзясяткі мільёнаў долараў, са Студэнцкай вёскі выселілі некалькі тысяч студэнтаў, каб размясціць гасцей, бо Еўрапейскія гульні – гэта твар Беларусі для Аляксандра Лукашэнкі.
«Нашая Алімпіяда павінна быць самай душэўнай, і каб усе людзі ў Беларусі жылі гэтай алімпіядай», – загадаў Лукашэнка падчас наведванне комплексу Студэнцкая вёска 11 траўня.
А каб усё прайшло як трэба ўладам, Лукашэнка падпісаў указ № 191 аб дадатковых захадах бяспекі. Паводле дакументу, Мінабароны ўсталёўвае дадатковыя зоны абмежаваных палётаў, а з 17 чэрвеня да 2 ліпеня нельга карыстацца беспілотнікамі паўсюль, дзе ідуць гэтыя Еўрапейскія гульні ці збіраюцца заўзятары. Дроны парушальнікаў будуць канфіскаваць.
Для Еўрагульняў у Менску абмяжуюць рух транспарту, прыцягнуць да аховы парадку вайскоўцаў з правам ужывання фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі, а ахова ў гатэлях атрымае права правяраць дакументы, валізы і машыны.
Узмацненне захадаў бяспекі – натуральная рэч. Але ў гэтым указе ёсць абмежаванне фундаментальных правоў грамадзянаў, мяркуе палітолаг Андрэй Ягораў, дырэктар Цэнтру Еўрапейскай Трансфармацыі:
«Права на распаўсюд інфармацыі, напрыклад, права на валоданне інфармацыяй. І гэта не з’яўляецца тыповым для такога мерапрыемства. Абмежаванне гэтых правоў магчыма толькі ў надзвычайных сітуацыях, а сітуацыя не зʼяўляецца надзвычайнай».
А менавіта, на час Еўрагульняў КДБ, міліцыя і пракуроры змогуць на працягу дня заблакаваць любыя інтэрнэт-старонкі, дзе заклікаюць да недазволеных масавых сходаў ці іншых дзеянняў, цытата, «здольных дэзарганізаваць правядзенне Еўрапейскіх гульняў».
Не ўсе беларусы разумеюць, навошта гэта ўсё. Вось меркаванні некаторых жыхароў Менску:
«Цяпер так распаўсюджаны тэрарызм паўсюль…»
«Увогуле вельмі моцна за намі сочаць».
«Мяркую, гэта празмерна».
«Кожны дзень у метро паказваю торбу. Не ведаю, чаму гэта ў нас адбываецца. Мабыць, міліцыі няма працы».
У бліжэйшы час можна чакаць не толькі блакавання інтэрнэт-старонак і мэсэнджараў, але і прэвентыўных арыштаў, папярэджвае Андрэй Ягораў. Бо ўлады лічаць небяспечнымі любыя дэманстрацыі пратэсту і баяцца, што незадаволеныя чым-кольвек грамадзяне зладзяць мірныя акцыі на вачах замежных гасцей.
«Такога кшталту мерапрыемствы, якія могуць быць выкарыстаныя для дэманстрацыі альтэрнатыўнага пункту гледжання, таксама абмяжоўваюцца, і ўсталёўваецца вось гэта нібыта дзеля бяспекі, але фактычна дзеля большай кантролю сітуацыі», – падсумоўвае Андрэй Ягораў.
Каардынаваць бяспеку падчас Еўрапейскіх гульняў будзе міжведамасны штаб пад кіраўніцтвам Міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча.
Яраслаў Сцешык, belsat.eu