Новае жыццё савецкага дызайну

Мода на бабуліну камоду вяртаецца. Прынамсі ў Расеі. Там усё больш людзей прыносяць на рэстаўрацыю рэчы, якія ім засталіся ў спадчыну ад продкаў. Даведаемся больш пра тое, як старым прадметам, спраектаваным у савецкі час, даюць новае жыццё.

«Гэта дзверкі ў яго – часткова танаваныя, часткова – масіў, і ўся абкладка – таксама з дубу».

Дубовы стол, што Міхаіл прывёз у майстэрню на рэстаўрацыю, быў зроблены ў першыя гады краіны Саветаў. Для маладзёна гэта сапраўдная рэліквія, што засталася ад прадзеда-навукоўца. Міхаіл, кліент майстэрні «Хранатоп»:

«Гэты стол – амаль адзіная памяць пра майго прадзеда, адзіная фізічная памяць. Ён быў акадэмікам у новасібірскім Акадэмгарадку, і шмат вынаходак былі зробленыя менавіта за гэтым сталом».

Рэстаўрацыя ў найтаннейшым варыянце пацягне на тысячу долараў. Але Міхаіл упэўнены, што справа таго вартая. Як адзначаюць у майстэрні, адмоўнае стаўленне да савецкага дызайну ў расейцаў усё больш саступае імкненню аднавіць прадметы побыту, што захоўваюць памяць пра сямейную гісторыю і традыцыі.

«Да больш шырокай прафаннай бальшыні толькі цяпер стала даходзіць, што, аказваецца, мець удома бабулін сервант – гэта не ганьба, а, наадварот, прыкмета прасунутасці», – тлумачыць Арцём Дзяжурка, гісторык мэблі.

Да таго ж майстры не проста рэстаўруюць старую мэблю, але імкнуцца яе ўдасканаліць і ўпісаць у сучасны інтэр’ер. А часам – знайсці прадмету новае выкарыстанне. Як гэтаму куфру для бялізны, вырабленаму на чэхаславацкай фабрыцы ў 1960-ыя.

«Цяпер для сучасных інтэрʼераў прадмет ужо не актуальны, але ён цікавай формы, таму шмат якія прыхільнікі вінтажу перарабляюць пад іншыя патрэбы. Напрыклад, я бачыла варыянт, калі з гэтага зрабілі бар», – гаворыць Аляксандра Аргунава, уласніца майстэрні «Хранатоп».

Цяпер найбольшым попытам цешыцца вінтажная мэбля 1950-ых–60-ых гадоў, але ў тым, што мода на авангард 70-ых і 80-ых гэтаксама неўзабаве вернецца, у майстэрні не сумняюцца. А таму не спяшайцеся пазбаўляцца прадметаў інтэрʼеру сваіх дзядоў і бацькоў.

Юлія Лабанава, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама