Справа БелТА зноў у цэнтры ўвагі журналістаў. Следчы камітэт працягвае выстаўляць абвінавачанні яе фігурантам. Сёння на допыце ў ведамстве была міжнародная аглядальніца кампаніі БелаПАН Тацяна Каравянкова. А ўжо паслязаўтра тут чакаюць рэдактарку агенцтва Ірыну Леўшыну і Паўлюка Быкоўскага.
Выклікалі ў Следчы Камітэт, зноў дапыталі і абвінавацілі ў несанкцыянаваным доступе да інфармацыі на старонцы БелТА. Памер кампенсацыі блізкі да дзвюх з паловаю тысячаў долараў.
«Я гэтага не разумею ад пачатку, ад жніўня. Не ведаю прычынаў. Навошта, чаму? Відавочна, што гэта ціск на Тут.Бай, якому найбольш засталося», – распавядае журналістка БелаПАНу Таццяна Каравянкова.
Уласна ўчора абвінавачанні высунулі чатыром супрацоўнікам парталу Тут.Бай, якія фігуруюць у той самай справе аб незаконным карыстанні платным кантэнтам БелТА. Паслязаўтра спатканне са следчымі чакае чарговых журналістаў журналістку – Ірыну Леўшыну і Паўлюка Быкоўскага.
«У справе Леўшынай, як і ў справе Золатавай інкрымінуюць не проста карыстанне нейкімі паролямі, але менавіта службовае злачынства, што яна нібыта ведала пра карыстанне і не спыніла. І там безумоўна тэрміны большыя, кошт пытання большы», – каментуе Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ.
Частка другая артыкулу трыста сорак дзевяць Крымінальнага Кодэксу – пагражае агулам 12-ці журналістам незалежных медыяў. Суму шкоды для ўжо абвінавачаных следчыя ацэньваюць індывідуальна – у BR 3000-14230 тысяч рублёў. З іх узялі падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.
Справа паўстала ў ліпені на заяву дырэктаркі дзяржаўнай Тэлеграфнай Агенцыі Аксаны Акуловіч.
«Пэўныя асобы грошаў не плацілі, але пад чужымі паролямі падлучаліся да інфармацыйнай стужкі і выкарыстоўвалі гэтую інфармацыю», – каментуе Ірына Акуловіч, дырэктарка УП «БелТА».
На дзіва, з ператрусамі прыйшлі толькі да буйных канкурэнтаў БелТА – рэдакцыяў парталу Тут.бай ды інфармацыйнай кампаніі БелаПАН. Рэдактараў затрымлівалі і дапытвалі. Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні БАЖ:
«Улада перастала кантраляваць інфармацыю ў інтэрнэце. На пачатку года на нарадзе Лукашэнка пра гэта казаў, і тады былі змененыя кіраўнікі дзяржаўных медыяў. Магчыма што ўвесь гэты час распрацоўвалася схема ціску і захопу недзяржаўных медыяў – БелаПАНу і Тут.Бай у першую чаргу».
Пад час вобшукаў следчыя запампавалі з офісных сервераў усю ўнутраную інфармацыю кампаніяў: перапіску, бухгалтэрыю і гісторыю дачыненняў з партнёрамі… Здавалася, патрэбную для кантралявання інфармацыю сабралі… Журналісты аднак не бачаць у органах намеру »адпусціць« справу. Таццяна Каравянкова, журналістка БелаПАНу:
«Але прапаноўваюць пагасіць страты і магчыма тады паводле арт 86 КК не будуць працягваць пераслед».
У выпадку БелаПАН, рашэнне аб аплачванні кампенсацыі працаўнікамі рэдакцыя будзе прымаць супольна.
Юлія Цяльпук, belsat.eu