Заснавальніцу «Прэс-клубу» Юлію Слуцкую і пяцярых працаўнікоў падазраюць у парушэнні падатковага заканадаўства. Да іх ужылі самую жорсткую меру стрымання: пад вартай журналісты застаюцца ўжо шосты дзень.
«Справу наконт ухілення ад выплаты падаткаў мы лічым хутчэй падставай для распачацця крымінальнай справы, чым нагодай для гэтага», – кажа старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
З адмысловай заявай у справе «Прэс-клубу» выступіла Еўрапейская федэрацыя журналістаў.
У Беларусі ж працягваецца ціск і на іншых незалежных журналістаў: 810 рублямі штрафу нібыта за ўдзел у пенсіянерскім Маршы мудрасці пакаралі журналістку «Белсату» Любоў Лунёву. На суд яна ішла, падрыхтаваная да зняволення.
«Магчыма, такім чынам вырашылі папаўняць бюджэт – сэнс журналісту сядзець? Паглядзім, як будуць рухацца падзеі далей, але такая тэндэнцыя з’явілася цягам апошняга тыдня», – мяркуе журналістка Любоў Лунёва.
Больш за месяц за кратамі застаюцца тры незалежныя журналісткі: працаўніца парталу TUT.BY Кацярына Барысевіч і журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева.
«Больш за ўсё абурае, што за выкананне прафесійных абавязкаў журналістаў караюць не толькі штрафамі і соднямі, а супраць іх распачынаюць крымінальныя справы», – дзеліцца ўражаннямі прадстаўніца Белсату Ірына Слаўнікава.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры бяз межаў» прызнала Беларусь самаю небяспечнай у Еўропе краінай для працы журналістаў. Падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў улады парушылі правы журналістаў каля пяцісот разоў: гэта затрыманні, суды, штрафы і зняволенні.
«Улада абрала такую сістэму каардынатаў, у якой незалежныя журналісты з’яўляюцца асобамі, якія перашкаджаюць дзейнасці ўладаў. Маю на ўвазе незалежных журналістаў. Таму я не думаю, што бліжэйшым часам сітуацыя зменіцца», – працягвае старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.
Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя «Libereco» заклікала міжнародную супольнасць далучыцца да кампаніі салідарнасці з працаўнікамі беларускага «Прэс-клубу» і незалежнымі журналістамі Беларусі.
Галіна Абакунчык, «Белсат»