«Прыгожая, добрая, супер-зорка». Настаўнікі – пра сябе і сваю працу

Ілюстратыўнае фота. КрыніцViktor Drachev/TASS

Сёння ва ўсёй Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка. Пра прэстыж прафесіі і выклікі для настаўнікаў розных пакаленняў – у нашым рэпартажы.

У першую нядзелю кастрычніка больш за сто тысяч беларускіх настаўнікаў адзначаюць сваё прафесійнае свята. Але гэты дзень – нагода не толькі для віншаванняў.

Відэарэпартаж Ксеніі Тарасевіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 6 кастрычніка

Настасся Чыргун працуе ў менскай школе настаўніцай ангельскай мовы ўжо другі год. Кажа, што збольшага праца ёй падабаецца, але ёсць нюансы.

«Я прыходжу дадому і мне не хочацца анічога. Пакуль у школе, я ў тэмпе, усё вельмі дынамічна. Падрыхтоўка да заняткаў забірае вельмі шмат часу», – распавядае дзяўчына.

Пяць, а часам і сем заняткаў штодня, плюс класнае кіраўніцтва. Настаўніца вядзе класныя гадзіны, пазашкольныя імпрэзы, сочыць за наведвальнасцю і харчаваннем класу, а таксама ходзіць да сваіх вучняў дадому. Яна кажа, што дзеці забіраюць шмат энергіі, але таксама яе і даюць:

«Калі перад урокам дзеці размалёўваюць усю дошку і пішуць, як яны любяць сваю настаўніцу, якая я прыгожая, добрая, супер-зорка, ты прыходзіш, цябе абдымаюць – гэта варта таго».

Але падобным стаўленнем да сябе цешацца не ўсе настаўнікі.

«У прынцыпе настаўнік цяпер проста безабаронны перад бацькамі», – мяркуе намеснік старшыні Таварыства беларускай школы, настаўнік фізікі Алесь Сядзяка.

«Міхалыч, дзякуй табе за ўсё!» Белсатаўцы віншуюць сваіх настаўнікаў са святам

Падчас падрыхтоўкі сюжэту мы папрасілі менчукоў распавесці, што яны думаюць аб прэстыжы настаўніцкай прафесіі. І вось што пачулі:

«Ад настаўніка залежыць усё. Дзеці прыходзяць, яны маленькія, фармуюць грамадства, ад грамадства залежыць асоба».

«Што будзе ў свеце без настаўнікаў? Інтэрнэт і ўсе навуковыя тэхналогіі не здолеюць гэтага зрабіць. Вельмі важны чалавечы фактар, я лічу».

«Прэстыжнай – не, але вельмі важнай. Ад гэтай прафесіі залежаць нашае будучае пакаленне. Трэба ім неяк заробкі павысіць».

У справаздачы да Лукашэнкі міністр адукацыі Ігар Карпенка заявіў, што за першыя сем месяцаў 2019 года ў сярэднім настаўнікі атрымлівалі 900 рублёў на месяц, і паабяцаў зрабіць заробкі, як у сярэднім па краіне, – да 2025 года. Да такіх ініцыятываў эксперт Алесь Сядзяка ставіцца скептычна:

«Некалькі год таму гучна прагучала, што стаўкі настаўнікам будуць павышацца з 18 гадзін да 20. Але колькі настаўнікі атрымлівалі за 18 гадзін, столькі ж яны атрымліваюць за 20. Атрымліваецца, што заробкі былі зніжаныя на 10 %».

Настаўніца Ганна Севярынец мяркуе, што галоўная праблема сучаснай беларускай школы – не грошы, і нават не бюракратыя, а няведанне ўласных жаданняў і патрабаванняў. І нават пасля трагедыі ў Стоўбцах, калі вучань забіў настаўніцу ды іншага вучня, ці пасля скандалу ў Гомлі – пазітыўных зрухаў не назіраецца

«Пасля стаўпецкай трагедыі ў нас паставілі металашукальнікі, якія пішчаць бясконца на ўсіх і нічога не вырашаюць. А пасля гомельскага здарэння ва ўсіх дзяцей адабралі тэлефоны», – кажа яна.

Лукашэнка апісаў ролю настаўніка ў эпоху інфармацыйных тэхналогіяў

Нягледзячы на высокую адказнасць і нагрузку, ды не настолькі высокія, як бы хацелася, заробкі, паводле падлікаў Белстату, прадстаўнікоў гэтай прафесіі ў нашай краіне каля 116 тысяч чалавек. На кожнага з іх у сярэднім прыпадае больш за восем вучняў, а гарадскія настаўнікі даюць рады нават з дзесяццю вучнямі кожны.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама