Крызіс, якога ўдалося пазбегнуць. Беларусь і Расея прыйшлі да згоды ў малочным пытанні за дзень да таго, як «Рассельгаснагляд» меўся ўвесці забарону на беларускае малако.
Лабараторыя ў Бранску выявіла рэшткі антыбактэрыйных прэпаратаў у малацэ Нясвіжскага заводу дзіцячага харчавання.
«Мы сур’ёзна занепакоеныя сітуацыяй, звязанаю з бяспекаю пітнога малака, прызначанага для харчавання дзяцей, якое паступае з Рэспублікі Беларусь», – заявіла прэс-сакратарка «Рассельгаснагляду» Юлія Мелана.
Згодна з афіцыйным паведамленнем, бакі дамовіліся інтэграваць беларускую інфармацыю сістэму прасочвання з расейскаю. Акрамя таго, на наступным тыдні беларускія прадпрыемствы наведаюць прадстаўнікі «Рассельгаснагляду».
«Праблема ўсё ж такі ёсць, яна далей існуе. Тое, што ў Расеі ёсць вытворцы той малочнай сыравіны, якая ёсць і ў Беларусі, яны будуць шукаць магчымасці дзеля таго, каб адваяваць свой уласны рынак і выціснуць адтуль беларусаў», – тлумачыць палітолаг Алесь Лагвінец.
Паводле «Рассельгаснагляду», штотыдзень на беларуска-расейскай мяжы затрымліваюць сем-восем аўтаў з санкцыйнаю садавіной і гароднінаю. У адказ на гэта Беларусь паабяцала, цытата, «зрабіць вычарпальныя захады».
Казаць пра адмену заходніх санкцыяў супраць Расеі не даводзіцца нават у кароткатэрміновай перспектыве. А вось замірэнне ў малочнай вайне можа скончыцца ўжо неўзабаве.
«Расеі непатрэбныя зараз нейкія праблемы ці напружанасць з нібыта самым блізкім саюзнікам напярэдадні 18-га сакавіка, калі адбудуцца выбары, а дакладней перавыбары Пуціна», – упэўнены Лагвінец.
У той жа час расейскі бок заяўляе, што наўрад ці здолее абысціся без беларускай сыравіны, якая займае каля чвэрці ад агульнага абʼёму. Але сітуацыя можа хутка змяніцца, бо сёлета ўрад Расеі абвесціў вытворчасць уласнага малака асаблівым прыярытэтам.
Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum