Студэнты і выкладчыкі – неадʼемная частка пратэстаў

Дэмакратычная апазіцыя Беларусі, прадстаўленая Каардынацыйнаю радай, ініцыятываю смелых жанчын, а таксама палітыкамі і дзеячамі грамадзянскай супольнасці, увайшла ў спіс намінантаў прэміі Сахарава «За свабоду думкі».

У чацвер на наступным тыдні Еўрапейскі парламент абярэ пераможцу прэміі, якую прысуджаюць людзям або грамадскім арганізацыям, што вылучыліся ў справе абароны правоў і свабодаў чалавека. Тым часам у Беларусі працягваюцца мірныя акцыі пратэсту. Проста ў гэтыя хвіліны ў розных раёнах Менску людзі выходзяць на вуліцы з бел-чырвона-белымі сцягамі. Ігар Станкевіч. Студэнты біялагічнага факультэта БДУ спяваюць на прыступках. Тое ж робяць і навучэнцы факультэту міжнародных стасункаў. А гэта ўжо студэнты БНТУ. Каля лінгвістычнага ўніверсітэту да моладзі далучаюцца выкладчыкі.

«Сёння да нас, падаецца, выйшлі дэканы. Я не ведаю, што гэта зараз будзе. Магчыма з намі паразмаўляюць аб чымсьці», – кажа Ганна Аблова, выкладчыца кафедры тэорыі і практыкі ангельскай мовы МДЛУ.

«Гэты чалавек – Уладзімір Вячаслававіч Пашкевіч. Ён прарэктар па выхаваўчай працы. Ён меў доўгую размову са студэнтамі 3 верасня, якраз напярэдадні таго, як былі затрыманні», – кажа Наталля Дуліна, выкладчыца кафедры італьянскай мовы.

Студэнты факультэтаў журналістыкі ды філасофіі і сацыяльных навук выйшлі падтрымаць затрыманага ў нядзелю Мацвея Сухарука.

«Гэта хлопец з нашага факультэта з 3 курса спеціальнасці філасофія. Яго забралі ў другі раз, і мы тут стаім у падтрымку яго», – кажа студэнтка.

Дацэнт Павел Баркоўскі звольніўся пасля месяца страйку. Сёння ён са сваймі навучэнцамі.

«Я не магу вучыць сваіх студэнтаў і не паказваць ім прыкладу сваіх дзеянняў, якія супрацьстаяць гвалту, хлусні, фальсіфікацыі, якія адбываюцца ў гэтай краіне. Таму я сышоў», – кажа Павел Баркоўскі.

Пратэстоўцаў вельмі абурыў учорашні брутальны разгон безабаронных пенсіянераў. Асяродкі пратэстаў супраць нарастання рэпрэсіяў з боку людзей у міліцэйскай форме ўвечары 12 кастрычніка ўзнікалі ў розных раёнах Менску. Людзі выстройваліся ў ланцугі салідарнасці, блакавалі дарогі і запавольвалі рух, у тым ліку аўтазакаў. А жыхары Шабаноў перакрылі вуліцу падпаленымі апонамі. Іх падпалілі і на вуліцы Кальварыйскай каля міліцыі. Супраць пратэстоўцаў сілавікі зноў ужылі святлошумавыя гранаты.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама