«Упаў і разбіў нос». У МУС пракаментавалі збіццё студэнтаў

У МУС Беларусі не прызнаюць факт збіцця студэнтаў, якіх затрымалі 27 кастрычніка. Раней адпаведную інфармацыю распаўсюдзілі праваабаронцы.



Як сцвярджаюць у МУС, 27 кастрычніка на вуліцы Ленінградская група студэнтаў ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

«Некаторыя з іх стаялі каля дарогі: сачылі за з’яўленнем службовага транспарту з міліцыянтамі. Падчас спынення супрацьпраўных дзеянняў чацвёра маладых людзей аказалі супраціў і паспрабавалі схавацца. Адзін са студэнтаў, уцякаючы ад праваахоўнікаў, упаў і разбіў нос», – адзначаецца ў паведамленні МУС.



На студэнтаў былі складзены пратаколы, пасля чаго іх перадалі бацькам і кіраўніцтву ВНУ, кажуць у МУС. У дачыненні да студэнтаў складзены пратаколы паводле арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў) і 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).



«Прэтэнзіяў і скаргаў на дзеянні міліцыянтаў не паступала», – сцвярджаюць у міліцыі.



Раней Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляў пра затрыманне пяці 17-гадовых студэнтаў сталічнага ўніверсітэту падчас акцыі салідарнасці ў дворыку БДУ паміж юрфакам і хімфакам. Чацвёра з іх былі жорстка збітыя сілавікамі ў міліцэйскім аўтобусе, пасля чаго ў лякарні ўсім дыягнаставалі страсенне галаўнога мозгу, а некаторым – чэрапна-мазгавыя траўмы, пералом носа і іншыя траўмы.



У прыватнасці, адзін са студэнтаў распавёў праваабаронцам:



«Калі я бег, мне падсеклі ногі і я ўпаў. Мяне адразу схапілі і панеслі ў бусік. Пры гэтым ударылі два разы па твары, таму што я спрабаваў падняць галаву. Мяне закінулі ў аўтобус, там ужо была мая аднакурсніца. З намі ехалі супрацоўнікі, якім па голасе гадоў 20. Яны білі мяне ўвесь час па галаве.



Потым нас перагрузілі ў іншы бусік. Там былі ўжо астатнія хлопцы, з якімі мы былі каля БДУ. Яны потым распавялі, што іх таксама моцна білі. Мы ўсе ехалі лежачы адзін на адным. На мне ляжалі два чалавекі, хоць вольныя месцы там былі.



Кроў аднакурснікаў на куртцы студэнткі пасля таго, як яны на ёй паляжалі ў міліцэйскім бусе. Крыніца – spring96.org




З мяне сарвалі партфель. Тузанулі з шлейкамі, цяпер партфель цалкам парваны. Спрабавалі там нешта знайсці, але, акрамя вады, нічога не знайшлі. Потым супрацоўнікі пачалі весяліцца і абліваць нас вадой.



У гэтым бусіку нас таксама білі і прыніжалі. Нашаму аднакурсніку разбілі нос. Больш за ўсё збівалі хлопца, які быў у аранжавай кепцы. Напэўна, таму што яна яркая і ў вочы кідаецца. Мы пачулі шмат прыніжэнняў і пагроз тыпу «давайце іх пярцовым газам зальем». Білі кулакамі, прыніжалі ненарматыўнай лексікай, палохалі турмой, казалі што пазабіваюць нас.







Калі мяне адпусцілі з РУУС, я пайшоў у лякарню, дзе мне дыягнаставалі страсенне мозгу. У мяне моцных пашкоджанняў няма, бо білі ў асноўным па галаве. Толькі шышка. Я да гэтага часу не разумею, чаму нас затрымалі».



МУС таксама сёння апублікаваў відэаролік, у якім затрыманых студэнтаў прымушаюць прызнавацца, што яны назіралі за перамяшчэннем бусікаў сілавікоў, каб паведаміць пра гэта іншым студэнтам і такім чынам дапамагчы сябрам пазбегчы затрымання. Пры гэтым у міліцыі не тлумачаць, які закон яны такім чынам парушылі.







ІІ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама