Вялікая Брытанія ды ўвесь свет чакалі тлумачэнняў Расеі ў справе замаху на жыццё былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі. Але ў Крамлі замест залагоджвання сітуацыі выбралі эскалацыю канфлікту.
«Калі паступіць афіцыйны запыт, мы, як і належыць згодна з нашымі абавязкамі паводле канвенцыі аб забароне хімічнай зброі, цягам 10 дзён абавязкова дамо адказ», – зазначыў кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў.
Такі адказ, дзе расейскі бок не прапанаваў ніякага тлумачэння пра хімічную атруту расейскай вытворчасці, брытанскі прэм’ер-міністр успрыняла як «паказанне поўнай пагарды».
Прэм’ер-міністр заявіла, што пасля такога інцыдэнту адносіны паміж краінамі не могуць застацца на папярэднім узроўні.
«Абʼяднанае Каралеўства выдаліць 23 расейскія дыпламаты, якія былі ідэнтыфікаваныя як незаяўленыя афіцэры выведкі. У іх застаўся 1 тыдзень на тое, каб пакінуць краіну. Гэта будзе самым вялікім выгнаннем за больш як 30 гадоў, і гэта адлюстроўвае той факт, што гэта не першы раз, калі расейская дзяржава выступіла супраць нашай краіны», – зазначыла Мэй.
Замарозяць дзяржактывы, будуць прыпыненыя і адносіны на найвышэйшым узроўні: адкліканае запрашэнне для Сяргея Лаўрова, а каралеўская сям’я ды чальцы ўраду не паедуць на чэмпіянат свету, які мае адбыцца ў Расеі. За расейцамі, якія прыязджаюць у Вялікую Брытанію, будзе павялічаны кантроль. Пазіцыю Лондану падтрымліваюць у Еўразвязе і ЗША.
Пакуль палітыкі дыпламатычнаю моваю кажуць пра імаверную руку Расеі ў атручванні «ворага Крамля», адзін з распрацоўнікаў атручвальнага рэчыва перакананы, што зрабіць гэта магла толькі Расея.
«Крэмль, вядома, як і ўсе злачынцы, адмаўляе. Гэта нічога не значыць. Даверу да словаў Пуціна няма. «Новичок» быў створаны, і для эксперыментаў вырабілі некалькі тонаў. Толькі ў Расеі, ніхто пра гэта не ведаў. І ніякая краіна, апроч Расеі, не мела ў наяўнасці гэтага хімічнага складу», – тлумачыць Віл Мірзаянаў, былы савецкі вайсковых хімік.
Шмат хто з экспертаў перакананы, што ніхто апроч Расеі не меў і матыву ў тым, каб здзяйсняць замах на жыццё Сяргея Срыпаля, які ў свой час дапамог брытанскай выведцы затрымаць расейскіх агентаў.
«Пэўныя колы ў Расеі даюць зразумець каму заўгодна, што ворагі Расеі, ворагі пуцінскага рэжыму не павінныя спаць спакойна і нават не толькі яны, але і чальцы іхных семʼяў. Пытанне гэткага дзяржаўнага тэрарызму вельмі востра праяўляецца на гэтым прыкладзе», – мяркуе палітолаг Алесь Лагвінец.
«Я быў у шоку, я не мог прадбачыць, уявіць нават у самым жахлівым сне, што гэты хімічныя рэагент, які быў распрацаваны з маім удзелам, стане зброяй у руках тэрарыстаў. На жаль, Расея пацвердзіла, што яна тэрарыстычная краіна», – зазначыў спадар Мірзаянаў.
Змагацца з тэрарызмам надзвычай складана, але… неабходна.
Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Reuters / Forum