Як чыноўнікі зачышчаюць «Дразды 2» ад «просталюдзінаў»

Праспект Пераможцаў, вадасховішча Дразды, а на беразе прыватны элітны раёнчык, у якім у асноўным будуюцца чыноўнікі ды беларускія зоркі. Але, калі трапляецца звычайная хата, – яе пад знос.

3-ох пакаёвы дом з надзелам сям’і Плаксёнак і Касцюк руйнуюць паводле рашэння Менгарвыканкаму. Замест УКС прымусова прапанаваў 2-пакаёвую кватэру і грашовую кампенсацыю, разлічаную на трох чалавек, хоць у хаце прапісаныя і маюць права карыстання ёй 6 асобаў.

УКС праз суд спрабаваў выселіць сям’ю.

«Той суд, які быў да гэтага: суд Цэнтральнага раёну, ён адмовіў УКСу ў іхным іску, каб нас выселілі», – узгадвае жыхар дому Андрэй Касцюк.

Сёння ў Менскім гарадскім судзе УКС аспрэчваў рашэнне аб замене кампенсацыі, а гаспадары спрабавалі адмяніць рашэнне аб руйнаванні дому. Суд адмовіў у задавальненні скаргі як УКСу, так і жыхарам дому.

Дом сем’яў Касцюк і Плаксёнак пабудаваны ў 1939 годзе

Надзел з садам ды возера – сталі часткаю жыцця. Апошнія гады раён моцна змяняецца, на месцы хатаў – катэджы. На месцы дому Касцюкоў Менгарвыканкам таксама запланаваў будаўніцтва новай сядзібнай забудовы. Жыхары згодныя зруйнаваць дом і пабудаваць за свае грошы новы сучасны, але чыноўнікі не дазваляюць. Прычына ж высялення – дзяржаўныя патрэбы. 44-ты артыкул Канстытуцыі дазваляе прымусовае адчужэнне толькі з матываў грамадскай неабходнасці ды са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці.

«Няма грамадскай неабходнасці. Пад грамадскай неабходнасцю давайце падумаем, што можа быць: будаўніцтва школы, дзіцячы сад, нафтапровад», – звяртае ўвагу праваабаронца Віктар Барташэвіч.

Высяляючы людзей без іхнай згоды, чыноўнікі парушаюць таксама Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека.

«Сёння сям’я Касцюк, гэтак жа як і іншыя, нашыя сябры з Лошыцы, менчукі з вуліцы Вільемса, Сельгаспасёлак, Асмолаўка, Розы Люксембург, вуліца Гая, Арлоўская, – яны ўсе кажуць, што «нас выганяюць супраць нашай волі». Гэта прамое парушэнне 9 артыкулу», – дадае праваабаронца.

Але калі паўстаюць патрэбы дзяржавы ці, дакладней, патрэбы дзяржаўных службоўцаў, беларускія суды рэдка становяцца на бок звычайных людзей.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама