З нагоды дня народзінаў Кастуся Каліноўскага і 155-й гадавіны паўстання 1863 года ў Горадні адбылася прэзентацыя абноўленай гульні «Паўстанцы».
Прэзентаваў абноўленых «Паўстанцаў», а фактычна ладзіў гульню ў гарадзенскім Цэнтры гарадскога жыцця яе стваральнік Антось Янкоўскі, і хоць у першым туры перамаглі царскія службоўцы – у другім паўстанцы ўзялі рэванш ды вельмі хутка выкрылі душыцеляў паўстання.
За аснову стваральнікі ўзялі механіку вядомай «Мафіі». Гэта была першая гульня, якую стварыла творчае згуртаванне «А4».
«Паўстанцы» – першая беларуская настольная гульня, падчас якой гульцы могуць паглыбіцца ў атмасферу 1863 года і стацца знакамітаю гістарычнай асобай ці звычайным беларусам, але тым не менш уплываць на падзеі паўстання. Стваральнікі пастанавілі перавыдаць гульню, бо разышоўся папярэдні наклад і зʼявіліся новыя ідэі.
Цягам пяці гадоў згуртаванне падрыхтавала больш за дзясятак забаваў з нацыянальным каларытам для дарослых і маленькіх аматараў настольных гульняў. Шырокі наклад абноўленых «Паўстанцаў» плануецца напрыканцы сакавіка.
Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: symbal.by