Інваліднасць страціў, але на працу пайсці не можа. Жыхар Горадні Аляксандр Компель змагаецца за права атрымоўваць выплаты па стане здароўя. Аднак камісія яму адмаўляе. Што рабіць, калі працаваць не магчыма, а на дапамогу дзяржавы разлічваць не атрымліваецца?
Ледзьве перасоўваецца па кватэры, выходзіць толькі ў двор і рэгулярна трапляе з прыступамі ў шпіталь. Распавядае пра свой дрэнны стан здароўя гарадзенец Аляксандр Компель:
«Я праходжу 500 метраў – пачынаю задыхацца. Гэта проста пачынаецца пекла нейкае. Я не магу ні хадзіць, ні сядзець фактычна. Калі я доўга сяджу, у мяне пачынаецца наймацнейшы галаўны боль».
Раней мужчына меў інваліднасць трэцяй ступені з прычыны выяўленай фібрыляцыі перадсэрдзяў. У 2013-ым спадару Аляксандру рабілі аперацыю, а два гады пазней інваліднасць забралі. З таго часу мужчына неаднаразова змагаўся з медычна-рэабілітацыйнай экспертнаю камісіяй, каб яму вярнулі інваліднасць:
«Я тэлефанаваў ім туды ў Менск. Я казаў, я хачу прыехаць туды, каб вы мяне там непасрэдна ў маёй прысутнасці мяне маглі агледзець. І я давязу яшчэ астатнія паперы, якія будуць патрэбныя, бо я зразумеў, што тут не будзе ўсіх папераў. Выкліку майго не было, яны разгледзелі без мяне».
Сродкаў для існавання ў спадара Аляксандра проста няма. Набываць лекі, а гэта выдаткі на 160 рублёў штомесяц, дапамагаюць неабыякавыя знаёмыя. Але на адной дапамозе перабівацца немагчыма. Аляксандр Компель:
«Я, вядома, запазычыўся за кватэру, дастаткова немалую суму. І быў на камісіі там у аблвыканкаме, але ніякага рашэння яны мне не вынеслі. Сказалі, што збіраюцца проста адбіраць кватэру, вось і ўсё. Фактычна яны не пастанавілі мне дапамагчы, што я трапіў у жыццёвую сітуацыю, а вырашылі караць далей».
Мы папрасілі доктара пракаментаваць сітуацыю з дыягназамі спадара Аляксандра. Уладзімір Пруднікаў адзначае, што цукровы дыябет можа ў перспектыве выклікаць яшчэ горшыя ўскладненні:
«Гэта сіндром дыябетычнай стапы. Гэта адно з небяспечных ускладненняў, якія могуць прывесці нават да страты канцавіны».
Тым не менш, інваліднасць прызначаюць не паводле дыягназу, але паводле агульнага стану пацыента – ягонай дастасаванасці да побыту і працы. Прадстаўнік Незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Ігар Комлік сцвярджае, што такія выпадкі адмоваў у прызнанні інваліднасці не адзінкавыя:
«Патлумачыць гэта можна тым, што, на жаль, нашая дзяржава ашчаджае на шэрагу сацыяльных пытанняў. Да іх можна аднесці ўстанаўленне інваліднасці».
Ігар Комлік раіць Аляксандру Компелю напісаць скаргу ў Міністэрства аховы здароўя з патрабаваннем скіраваць яго на незалежную экспертную камісію. У выпадку чаго, прафсаюз РЭП гатовы ў гэтым дапамагчы.
Вітаўт Сіўчык, belsat.eu