Кожны грамадзянін Беларусі мае права на годнае жыццё. Але змагацца за годнае жыццё чамусьці права не мае – прынамсі, паводле ўладаў. Да «Белсату» звярнуліся жыхары Шумілінскага раёну Віцебскай вобласці, бо мясцовыя чыноўнікі адмаўляюць ім у дапамозе. Сцяпан Святлоў.
Звычайны калгасны дом на Віцебшчыне. Цвіль, гніль… кот і ўласна людзі, якія вымушаныя жыць у такіх умовах.
«Яе разбіраць цалкам трэба. Усё цераз верх сыплецца. Вось, паглядзіце!»
Гаспадары былі б гатовыя і самастойна выправіць хібы, да якіх ужо, паводле іх, шмат гадоў мясцовым уладам няма аніякай справы. Вось толькі дзе ўзяць грошы на рамонт?
«Во – нуль! Вось заробак. Яшчэ восем рублёў я павінен застаўся. Усё», – кажа мясцовы жыхар.
Заробак яму выдаюць прадуктамі, а за няплату камунальных паслуг… адключаюць святло і газ. На чарзе – і без таго іржавая вада. Уладзімір Старавойтаў распавядае, што пераехаў у Шумілінскі раён пяць гадоў таму. І амаль адразу ж зрабіўся косткай у горле для мясцовых уладаў:
«Пачынаеш скардзіцца, варушыцца – тады пачынаюць бегаць. А ім гэта не падабаецца, вядома! Мне ж так і сказалі: за табою сочаць, калі некія заўвагі ці штосьці не зрабіў – дакладная – і пайшоў адсюль прэч».
Пенсіянерка Валянціна Козіна, якая прыехала ў Вялікія Ляжні з Узбекістану, таксама жыве ў калгасным доме. Перад выхадам на пенсію працавала вартаўніцай у мясцовай школе. Кажа, калісьці абяцалі дапамагчы з рамонтам:
«Тут хутка дах зваліцца на галаву, калі так будзе цячы. Дзірка зробіцца».
У старшыні сельсавету – сваё ноу-хау, прызнаюцца мясцовыя жыхары: замест таго каб дапамагаць у развязанні праблемаў, забараняе распавядаць пра іх журналістам. Маўляў, найбольш гаваркіх звольняць з працы.
«Калі казаць пра тое, адзінкавы гэта выпадак ці не. Вядома ж, не. Гэта сістэма. Дзяржаўная сістэма скіраваная на тое, каб паставіць чалавека ніжэй, але пры гэтым казаць, што ён у нас мае ўсе правы», – распавядае Валер Меснікаў, грамадскі інспектар прафзвязу РЭП.
Аднак дзяржава дбае пра людзей па-іншаму. Да прыкладу, праз сацыяльныя службы, якія прыязджаюць у такія вёскі і пытаюць: а як у такіх умовах могуць жыць дзеці?!
Сцяпан Святлоў, belsat.eu