Захавальнік паклікання і змагар з гвалтам: якім быў Папа Бэнэдыкт XVI

Папа-эмэрыт Бэнэдыкт XVI памёр раніцай 31 снежня 2022 года. Амаль непрыкметны на фоне Яна Паўла II і Францішка, ён кіраваў менш, чым жыў пасля адстаўкі. Але запомніўся як «Моцарт багаслоўя» – дзякуючы шматлікім кнігам, а таксама як Папа, які шмат што зрабіў упершыню. Яго пахаваюць 5 студзеня 2023 года. Якім быў Бэнэдыкт XVI – у матэрыяле «Белсату».

Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI на святкаванні 900-годдзя Мальтыйскага ордэну. 9 лютага 2013 года, Ватыкан. Фота: Evandro Inetti / Zuma Press / Forum

Сын жандара, дэзерцір, прафесар

Ёзэф Алёйс Рацынгер нарадзіўся ў Вялікую суботу, 16 красавіка 1927 года, у баварскім мястэчку Марктль-ам-Ін. Яго хрысцілі на наступную раніцу – у Велікодную нядзелю, першым у новай асвячонай вадзе. У 1998 годзе ён так разважаў пра гэта: «Чым больш, чым далей я гляджу назад, тым больш бачу ў гэтым указанне для майго жыцця, акрамя таго, Вялікая субота – дзень асаблівага значэння. Велікоднае святло ўжо пранікае туды, і ўсё ж гэта яшчэ дзень, пакрыты цемрай. У гэтых адносінах ён адлюстроўвае, я мяркую, нешта ад сітуацыі чалавечай гісторыі наогул, сітуацыі нашага стагоддзя і майго жыцця – з аднаго боку, цемры, няяснасці, пытанняў, небяспекі і пагрозаў, але таксама і ўпэўненасці, што ёсць святло, што варта жыць і ісці далей. Гэта значыць, гэты дзень, над якім узвышаецца Хрыстос, таямніча схаваны і адначасова прысутны, стаў у нейкім сэнсе праграмай майго жыцця».

Бацька будучага Папы быў жандарам, але праціўнікам Нацыянал-сацыялісцкай партыі. Сям’і даводзілася некалькі разоў пераязджаць з аднаго населенага пункту ў іншы. Ёзэф быў трэцім дзіцём – да яго нарадзіліся Георг і Марыя. Дзеці Рацынгераў былі дружныя ўсё жыццё, і ніхто з іх не пакінуў нашчадкаў: Георг і Ёзэф зрабіліся святарамі, а Марыя прысвяціла жыццё вядзенню гаспадаркі малодшага брата. Пасля смерці сястры на 70-м годзе жыцця а. Георг казаў: «Марыя дапаўняла трыа. Яе прысутнасць нараджала адчуванне прысутнасці нашых бацькоў».

У 1939 годзе Ёзэф паступіў у семінарыю, але жыццё ў інтэрнаце было для яго пакутай, у тым ліку таму, што яму ніколі не даваўся спорт. Праз два гады нацысты зрабілі абавязковым сяброўства ў «Гітлер-Югендзе»; адмова семінарыстаў пагражала закрыццём семінарыі і адпраўкай іхных выкладчыкаў у Дахаў. У 1943 годзе ўсю моладзь Нямеччыны пачалі забіраць у войска. Ёзэфа Рацынгера ў 16 гадоў адправілі на радыёлакацыйную станцыю пры зенітнай батарэі, дзе ён быў «жахам для ўсіх унтэр-афіцэраў» – інтраверт з малітоўнікам, які разам з таварышамі слухае «варожыя галасы».

«Пасля месяцаў у казарме Траўнштайну я нарэшце падумаў, што ўжо сапраўды хопіць з гэтай вайной, – успамінаў будучы Папа ў 1998 годзе. – І тады я, нягледзячы на небяспеку, проста пайшоў дадому. Пагрозу ўяўлялі эсэсаўцы, якія праходзілі міма, але мяне гэта ўсё абмінула. Потым амерыканцы зрабілі наш дом штаб-кватэрай і высветлілі, што я мог быць салдатам. Так што я павінен быў апрануцца як салдат і афіцыйна здацца ў палон».

19 чэрвеня 1945 года яго вызвалілі з палону, і Рацынгер вярнуўся ў семінарыю.

29 чэрвеня 1951 года братоў Рацынгераў пасвяцілі ў святары. У момант, калі біскуп ускладаў рукі на галаву Ёзэфа, у бажніцу ўляцела ластаўка, села недзе ў алтары і засвістала. «Не трэба гэта разглядаць як забабоны, але для мяне ў любым выпадку гэта быў знак, што тое, што адбываецца, правільна», – успамінаў кардынал Рацынгер.

Пазней ён абараніў дзве дысертацыі, у 30 гадоў зрабіўся прафесарам фундаментальнай тэалогіі, спачатку ў Боне, потым у Мюнстэры і Тубінгене. Падчас XXI Сусветнага сабору (II Ватыканскага сабору) а. Рацынгер быў дарадцам кёльнскага арцыбіскупа кардынала Фрынгса. Некаторы час Рацынгер лічыўся лібералам, але ўсё змянілі паводзіны ягоных студэнтаў у 1968 годзе і паслясаборны хаос у Касцёле («мэты, якія пераследаваліся на Саборы, апынуліся вывернутымі навыварат»).

У 1977 годзе ён раптам атрымаў прызначэнне арцыбіскупам Мюнхену і Фрайзінгу, а праз месяц пасля біскупскай хіратоніі – кардынальскую годнасць. Кардынал Рацынгер удзельнічаў у абодвух канклавах 1978 года, якія абралі спачатку Яна Паўла I, а праз паўтара месяца – Яна Паўла II.

Кардынал Ёзэф Рацынгер. Сакавік 2004 года, Ватыкан. Фота: Pizzoli/Fotogramma / Zuma Press / Forum

У Ватыкане. Барацьба з гвалтам

У 1981 годзе польскі Папа прызначыў кардынала Рацынгера прэфектам Кангрэгацыі веравучэння – нямецкі багаслоў павінен быў адказваць за веравучэнне. Менавіта кардынал Рацынгер рыхтаваў выданне Катэхізісу Каталіцкага Касцёлу (звод веравучэння), адказваў за перамовы з традыцыяналістамі-раскольнікамі, пісаў некаторыя энцыклікі Яна Паўла II (напрыклад, «Fides et Ratio»), перагледзеў справу Галілея, змагаўся з марксісцкай «тэалогіяй вызвалення».

У дасье Штазі на яго было сказана: «Рацынгер лічыцца ў Ватыкане адным з самых непрымірымых праціўнікаў камунізму. Як прэфект Кангрэгацыі веравучэння ён можа дасягнуць больш уплывовага становішча, чым Папа; лічыцца, што гэтая пасада пасуе яму найлепш».

Тройчы ён прасіў Папу аб адстаўцы, але заўсёды атрымліваў адмову. І, верагодна, адказаў Папе тым жа, калі Ян Павел II разважаў аб адрачэнні з прычыны прагрэсавання хваробы Паркінсана.

Узначаліўшы Кангрэгацыю веравучэння, кардынал Рацынгер высветліў, што біскупы ўва ўсім свеце не выконвалі патрабаванняў кананічнага права і не паддавалі абвінавачаных у гвалце клірыкаў царкоўных судам або паліцыі – яны рэгулярна перамяшчалі праблемных святароў з парафіі ў парафію. Выявілася і блытаніна ў дакументах, праз якую было незразумела, якое ведамства павінна разбіраць гэтыя справы. Тады кардынал Рацынгер пачаў дамагацца змены правілаў. Аднак ён сутыкаўся з супрацівам не толькі на месцах, але і ў Ватыкане. Гэтак, Папа Ян Павел II не быў схільны верыць абвінавачванням. Ягоны метад прафілактыкі быў правальным, але меў свае прычыны: калі ён быў арцыбіскупам Кракава, будучы Пантыфік неаднаразова сутыкаўся са спробамі камуністычнай улады дыскрэдытаваць святароў рознымі метадамі, сярод якіх былі абвінавачванні ў педафіліі.

Да 2001 года кардынал Рацынгер пераадолеў супраціў і дамогся таго, што расследаванне абвінавачванняў у здзеку з непаўналетніх павінна праводзіць Кангрэгацыя веравучэння, а біскупы абавязаныя інфармаваць яе пра кожны такі выпадак. Акрамя таго, калі доказы бясспрэчныя, вінаватага трэба было аддаць не толькі царкоўнаму суду, але і свецкім уладам.

З таго моманту ў кананічным праве таксама з’явіўся тэрмін даўнасці – 10 гадоў з дня дасягнення пацярпелым 18-годдзя. У 2003 годзе Кангрэгацыя атрымала паўнамоцтвы пазбаўляць сану пазасудовым шляхам, прычым рашэнне не падлягала абскарджанню. Аднак на чале трыбуналаў стаялі абвінаваўцы, што выклікала пратэст некаторых кананістаў, якія жадалі больш бесстаронняй працэдуры, але іхнага пункту гледжання не пачулі. У тым жа годзе Кангрэгацыя веравучэння правяла ў Ватыкане кангрэс барацьбы з гвалтам. Свецкія псіхіятры, якія ўдзельнічалі ў ім, прапаноўвалі кантраляваць вінаватых у гвалце, Рацынгер жа заявіў, што такія людзі не могуць быць святарамі.

Барацьбу з гвалтам унутры Касцёлу ён працягнуў і пасля абрання Папам.

Абранне і рэформы

На момант смерці Яна Паўла II кардынал Рацынгер быў не толькі прэфектам Кангрэгацыі веравучэння, але і дэканам калегіі кардыналаў. Яму трэба было сабраць канклаў, пасля якога Рацынгер спадзяваўся сысці ў адстаўку і вярнуцца ў Баварыю, пісаць кнігі і маліцца.

Канклаў адкрыўся 18 красавіка 2005 года, а закрыўся ўвечары наступнага дня. З першага ж галасавання сталася ясна, што кардынал Рацынгер – фаварыт канклаву, за яго прагаласавалі 47 чалавек, а за яго найбліжэйшага суперніка – толькі 10. Пазней разрыў скараціўся, зрабіўшыся двухразовым, але ў апошнім туры зноў павялічыўся – 84 супраць 26. Апасродкавана вядома, што сам Рацынгер упарта галасаваў за кардынала Біфі, якога гэта вельмі злавала.

Сваё троннае імя новы Папа абраў у гонар св. Бэнэдыкта (апекуна Еўропы) і Бэнэдыкта XV (міратворца часоў Першай сусветнай вайны). Ён прыбраў з гербу тыяру – сімвал свецкай улады Папы, замяніўшы яе звычайнай біскупскай мітрай, затое дадаў палій (элемент убору мітрапаліта), гэта значыць, пачаў з рэформаў.

Плошча Св. Пятра ў Ватыкане падчас Імшы інтранізацыі Папы Бэнэдыкта XVI. 24 красавіка 2005 года, Ватыкан. Фота: Jerry Lampen / Reuters / Forum

Бэнэдыкт XVI правёў і іншыя рэформы. Гэтак, ён першым з Папаў даў тэлеінтэрв’ю, на ягоную волю на даху ватыканскіх будынкаў усталявалі сонечныя батарэі, у 2006 годзе Папа адмовіўся ад тытулу Патрыярх Захаду і прызнаў некарэктнай з багаслоўскага гледзішча канцэпцыю лімба («месца», дзе застаюцца душы нехрышчоных немаўлятаў і ненароджаных дзяцей). Бэнэдыкт XVI спрасціў для святароў магчымасць адмовіцца ад сану; зняў усе абмежаванні на служэнне імшы паводле дарэформеннага чыну; даў шматлікім англіканцам, якія перайшлі ў каталіцтва, арганізацыйную структуру; рыхтаваў аналагічнае развязанне для былых лютэранаў. У ягоны пантыфікат у Святога Пасаду зʼявіліся акаўнты ў YouTube і Twitter.

За няпоўныя восем гадоў пантыфікату Бэнэдыкт XVI напісаў тры энцыклікі (яшчэ адной не скончыў, яе потым падпісаў Францішак) і тры часткі кнігі «Ісус з Назарэту». Усе ганарары за свае шматлікія кнігі Папа ахвяраваў дабрачынным арганізацыям, дзіцячым дамам, наркалячэбніцам, пустэльніцкім кляштарам ва Усходняй Еўропе.

Статыстыка паказвае, што ягоны пантыфікат быў гадамі адраджэння Касцёлу: расла колькасць каталікоў, семінарыстаў, святароў і кансэкраваных асобаў, скарачалася колькасць заяваў аб адмове ад сану, павялічылася колькасць прашэнняў вярнуцца да служэння.

Скандалы

Праўленне Бэнэдыкта XVI было пад пільнай увагай медыяў і актывістаў. У першы год актыўна гаварылі пра «бранятанкавага кардынала» (panzerkardinal), сяброўства ў «Гітлер-Югендзе» і службу ў вермахце. Былі і параўнанні з папярэднікам – натуральна, не на карысць новага Папы. Італьянскія аўтары называлі яго «pastore tedesco» (гульня словаў – іт. «нямецкі пастыр», але і «нямецкая аўчарка»).

2006 год – Рэгенсбургская прамова. У самым яе пачатку Бэнэдыкт XVI цытаваў выказванне візантыйскага імператара Мануіла II Палеолага пра агрэсіўны характар ісламу, адзначаючы пры гэтым, што заява імператара «непрымальна грубая» і «бесцырымонная». Апублікаваная ў прэсе, візантыйская цытата ўжо прыпісваецца самому Папу. «Папа абразіў мусульманаў», – абураюцца мас-медыі, праз ісламскія краіны праходзіць хваля дэманстрацыяў са спальваннем партрэту і лозунгамі «Смерць Бэнэдыкту XVI». У Самалі натоўп забівае каталіцкую манашку, некаторыя ісламскія краіны адклікаюць з Ватыкану сваіх паслоў. Папа двойчы публічна паўтарае, што лічыць гэтую цытату грубай.

2008 год – «у імя Галілея». Бэнэдыкт XVI пагадзіўся адкрыць акадэмічны год у рымскім універсітэце «Ля Сапіенца», але 67 выкладчыкаў ВНУ назвалі Папу «рэакцыйным тэолагам», погляды якога «абражаюць і зневажаюць» навукоўцаў, а група студэнтаў і выкладчыкаў выйшла на вуліцы ў карыкатурных масках і з лозунгамі «Ворагу Галілея тут не месца». Паліцыя ачапіла ўніверсітэт, асцерагаючыся масавых беспарадкаў, візіт Папы адмянілі. Пры гэтым менавіта Бэнэдыкт XVI быў ініцыятарам працэсу царкоўнай рэабілітацыі Галілея, за што ў ягоны гонар назвалі астэроід.

2009 год – супраць СНІДу або за прэзерватывы? Адказваючы на пытанне аб пандэміі СНІДу, Бэнэдыкт XVI заявіў, што «гэтую драму немагчыма пераадолець з дапамогай распаўсюджвання прэзерватываў, якія, наадварот, павялічваюць праблему. Рашэнне можа быць толькі падвойным: першае – гэта гуманізацыя сексуальнасці, і другое – сапраўднае сяброўства з пакутнікамі… здольнасць пакутаваць, застаючыся побач з імі ў выпрабаваннях». Гэта, на думку Папы, і павінен рабіць Касцёл. У медыях яго абвінавачвалі ў «СНІДафашызме», а бельгійскі парламент прапанаваў лічыць ягоныя выказванні «злачынствам супраць чалавецтва».

2009 год – цкаванне ў імя памяці ахвяраў Галакосту. Зняўшы адлучэнне з чатырох біскупаў-традыцыяналістаў, Папа Рымскі хацеў спыніць схізму, але адзін з біскупаў выявіўся адмоўнікам Галакосту. Паднялася хваля гнеўных публікацыяў з нагоды абароны памяці ахвяраў Галакосту, а ў выніку за Папу заступіліся габрэі.

«Няўжо нельга было даць гэтаму Папу – які, як мы ведаем, разам са сваім папярэднікам ёсць, відаць, самым адчувальным з Папаў да тэмаў антысемітызму, Галакосту і адносінаў з юдаізмам і з габрэямі, – трохі перадышкі, бо ён спрабуе ацаліць сваю абшчыну?» – запытваў рабін Ірўін Кула.

2012 год – «Ватылікс». Адною са сваіх задачаў Папа бачыў рэформу Рымскай курыі і развязанне праблемаў з Інстытутам рэлігійных справаў (вядомы як Банк Ватыкану), але сутыкнуўся з сабатажам і процідзеяннем. Ягоны камердынер выносіў сакрэтныя дакументы і перадаваў іх журналістам. У выніку Бэнэдыкт XVI прызначыў расследаванне, а ягоныя вынікі перадаў Францішку пры першай сустрэчы ў сакавіку 2013 года. Той не апублікаваў вынікаў расследавання дагэтуль.

Першая сустрэча Папы-эмэрыта Бэнэдыкта XVI і Папы Францішка. На стале – скрынка з вынікамі расследавання ў справе «Ватыліксу». Кастэль Гандольфа, 23 сакавіка 2013 года. Фота: ABACA / Abaca Press / Forum

Барацьба з гвалтам

Стаўшы Папам, Бэнэдыкт XVI падвоіў тэрмін даўнасці ў справах аб меркаваным гвалце святароў над непаўналетнімі, рэгулярна сустракаўся з ахвярамі гвалту за закрытымі дзвярыма, выслухоўваў іх і маліўся разам з імі.

Калі людзі звонку прапаноўвалі змагацца з педафіліяй выплатай кампенсацыяў, адменай бясшлюбнасці святароў і таямніцы споведзі або ўвядзеннем жаночага святарства, Папа Рымскі прапаноўваў іншы варыянт – унутранае ператварэнне вернікаў, бачачы прычыну гвалту ў няверы.

Паводле французскай статыстыкі, гвалт у Касцёле на чацвёртым месцы пасля гвалту з боку чальца сям’і, сябра сямʼі і ўласнага сябра. Даследнікі паказваюць, што сярод жанатых пратэстанцкіх пастараў узровень педафіліі ўдвая вышэйшы, а абшчыны артадаксальных юдэяў не перадаюць звестак паліцыі.

Дакладных звестак за няпоўныя восем гадоў пантыфікату няма, але вядома пра пазбаўленне сану 555 святароў за чатыры гады: 68 чалавек у 2008 годзе, 103 – у 2009-м, 260 – у 2011-м, 124 – у 2012 годзе. Паведамлялася таксама, што толькі ў 2011 годзе іншыя пакаранні атрымалі 419 святароў. Юрысты адзначаюць, што гэтыя звесткі няпоўныя, бо не ўлічваюць рашэнняў епархіяльных судоў.

Адрачэнне і гады на пенсіі

11 лютага 2013 года Папа нечакана абвясціў, што сыходзіць са сваёй пасады. Ён пастанавіў, што ягоны пантыфікат завершыцца а 20:00 28 лютага, а затым павінен сабрацца канклаў, каб выбраць ягонага пераемніка.

Папа Рымскі можа адрачыся ад прастолу, і гэта здаралася ў сярэднявеччы. Акрамя таго, Папа Рымскі Пій XII падпісаў адрачэнне на выпадак арышту нацыстамі, якія яго ненавідзелі. У выпадку недзеяздольнасці ўступалі б у сілу рашэнні аб адрачэнні Паўла VI і Яна Паўла II. Але магчымасць зрабіцца Папам-эмэрытам разглядаў толькі апошні – раней усе пантыфікі, якія адракліся, зноў рабіліся кардыналамі.

Бэнэдыкт XVI пастанавіў інакш. Ён стаўся першым у гісторыі Папам-эмэрытам (аналагічна біскупам, якія абавязаныя ў 75 гадоў падаваць прашэнне аб адстаўцы і затым могуць жыць на пенсіі ў статусе біскупа-эмэрыта). Ён захаваў троннае імя, белае адзенне і папскі герб ды застаўся жыць у Ватыкане.

Дом «Матэр Эклесье», былы кляштар на тэрыторыі Ватыкану, дзе ў 2013–2022 гадах жыў Папа-эмэрыт Бэнэдыкт XVI. Ватыкан, 29 снежня 2022 года. Фота: Grzegorz Galazka / Zuma Press / Forum

Адрачэнне выклікала нямала пытанняў і дыскусіяў пра добраахвотнасць самога рашэння і яго сапраўднасць (гэта значыць, пра легітымнасць Францішка), пра правільны выбар новага статусу. Лічыцца, што Бэнэдыкт XVI пастанавіў сысці на пенсію летам 2012 года, але ёсць некалькі прыкметаў, якія паказваюць на тое, што лютаўскі сыход чамусьці быў спешным: Папа не дапісаў энцыклікі, абарваў ледзь пачатую серыю катэхезаў пра Сімвал веры, не завяршыў абвешчанага ім Года веры, за некалькі дзён да 11 лютага з друку раптам адклікалі наклад штогадовага даведніку «Annuario pontificio».

Бэнэдыкт XVI пражыў на пенсіі даўжэй, чым быў Папам Рымскім, і перажыў усіх іншых Папаў. Ён працягваў пісаць багаслоўскія кнігі, прымаў некаторых наведнікаў, атрымаў некалькі ганаровых узнагародаў, рэгулярна пацвярджаў сваёй прысутнасцю кананізацыі (у тым ліку Яна Паўла II) і кансісторыі (прызначэнні кардыналаў). Некалькі разоў Папа-эмэрыт выступіў з завуаляванай крытыкай курсу Францішка, абараняючы царкоўнае веравучэнне і традыцыі – кожны раз пасля гэтага лаяльныя Францішку іерархі публічна казалі, што паколькі Бэнэдыкт XVI склаў паўнамоцтвы, то павінен маўчаць. Быў і скандал з фальсіфікацыяй прэс-службай Ватыкану ліста ад Папы-эмэрыта.

З інтэрв’ю ягонага сакратара вядома, што пасля адрачэння Бэнэдыкт XVI шмат чытаў, часам глядзеў серыял «Камісар Рэкс» і серыю фільмаў пра дона Каміллё з Фэрнандэлем у галоўнай ролі, працягваў музіцыраваць на фартэпіяна (граў Моцарта ды імправізаваў), чытаў навіны, не шкадаваў аб адрачэнні і лічыў свой тытул Папы-эмэрыта адпаведным рэчаіснасці.

Сышоў не праз здароўе

Версія сыходу ў адстаўку з прычыны кепскага здароўя не пацвярджалася: праблемы адпавядалі ўзросту – паступова слабелі ногі. Але Папу маглі вазіць у крэсле на спецыяльнай платформе, як Яна Паўла II. Паведамлялася пра артрыт, але да вясны 2012 года на публіцы Бэнэдыкт XVI хадзіў без кія, а праблемы з нагамі не перашкаджалі яму схіляць калені падчас малітвы або набажэнства нават пасля адрачэння.

Мала хто ведае, што ў кардынала Рацынгера ў 1991 годзе здарыўся інсульт, пасля якога ён аслеп на левае вока, узніклі праблемы са сном. Другі інсульт быў на пачатку 2000-х, а з 1997 года Папа жыў з кардыястымулятарам.

У 1978 годзе кардынал Рацынгер падпісаў дакументы аб будучым донарстве сваіх органаў. Пасля яго абрання Папам Рымскім прэс-служба Ватыкану адзначыла, што цяпер ён належыць Касцёлу непадзельна – так што, відаць, органы 95-гадовага Папы-эмэрыта ўсё ж не будуць камусьці ахвяраваныя.

Папа Бэнэдыкт XVI дабраслаўляе дзіця па заканчэнні Святой імшы. Ватыкан, 20 чэрвеня 2010 года. Фота: Tony Gentile / Reuters / Forum

Чалавек і Папа

Нягледзячы на спекуляцыі з нагоды ягонага адзення, Папа Рымскі быў сціплым у побыце. Знакамітыя чырвоныя туфлі яму шылі дастаўнікі сутанаў, пры адпачынку на прыродзе ён насіў красоўкі і макасіны, а пасля адрачэння – сандалі, якія яму таксама падарылі. Да Калядаў 2005 года Бэнэдыкт XVI насіў нямецкі гадзіннік «Junghans» за 200 еўраў на сонечнай батарэі, а затым гадзіннік, што яму падарыў брат, а. Георг Рацынгер, які набыў яго ў «Carrefour».

Вядома, што прачынаўся Папа а 6-й гадзіне, а клаўся а 22-й, любіў салодкае. З напояў аддаваў перавагу ліманаду, апельсінаваму соку ці гарбаце, толькі на публічных падзеях прыгубліваючы віно ці піва. Ягоны почырк умелі разумець толькі нешматлікія памочнікі. Гаспадарку Папы вялі недухоўныя ўдзельніцы абшчыны прысвечанага Богу жыцця.

Бэнэдыкт XVI любіў катоў. Распавядаюць, што да абрання Папам ён, шпацыруючы па Рыме або ідучы з крамы, размаўляў з коткамі, якіх сустракаў. У вольны час любіў граць на фартэпіяна.

Сарамлівы чалавек, Бэнэдыкт XVI быў стрыманым пастырам. Ён не шукаў асабістай папулярнасці, аддаючы перавагу таму, каб ставіць на першае месца Бога: «Я б сказаў, што Царква, якая імкнецца быць прывабнай для ўсіх, ужо стаіць на ілжывым шляху. Бо Царква працуе не для сябе, не для таго, каб павялічваць сваю колькасць і тым самым – сваю ўладу. Царква служыць Іншаму, яна служыць не для сябе, не для таго, каб быць моцнай, яна служыць для таго, каб данесці да ўсіх вестку пра Ісуса Хрыста, вялікія ісціны, вялікія сілы любові, прымірэння, якія выявіліся ў Яго вобразе, і якія заўсёды зыходзяць з прысутнасці Ісуса Хрыста».

Папа Бэнэдыкт XVI узносіць Хостыю на імшы ў Лятэранскай базіліцы. Рым, 7 чэрвеня 2012 года. Фота: Max Rossi / Reuters / Forum

Вынікі ягонага пантыфікату, мабыць, лепш за ўсё ахарактарызаваў рэлігіязнаўца Аляксей Юдзін яшчэ ў 2012 годзе:

«Бэнэдыкт XVI відавочным чынам збірае камяні. Ён дзее вельмі акуратна, вельмі някідка, вельмі ўдумліва і, у параўнанні, можа быць, з голасам Царквы эпохі Яна Паўла II, вельмі ціха.

Мы бачым, што на долю Бэнэдыкта XVI выпалі шматлікія вельмі балючыя для Царквы падзеі, якія значным чынам паўплывалі на яе рэпутацыю. Першыя сімптомы гэтых скандалаў з’явіліся яшчэ ў часе Яна Паўла II. Можна па-рознаму ацэньваць дзеянні Царквы, але Папу Бэнэдыкту XVI трэба было і разабрацца з гэтымі абуральнымі выпадкамі сексуальнага гвалту, і адбіць ілжывыя абвінавачванні, якія, вядома ж, суправаджалі гэтую кампанію, і выйсці з гэтага вельмі складанага становішча.

Тое, што робіць Бэнэдыкт XVI, – гэта рыхтаванне Царквы да яе заўтрашняга дня: захаванне кансерватыўнай функцыі Царквы, ачышчэнне яе ад усіх выпадкаў беззаконня, якія выявіліся, захаванне веравучэння.

Самы галоўны ўрок пантыфікату Бэнэдыкта XVI пакуль схаваны ад нас, але ён выявіцца ўжо неўзабаве. Гэта захаванне першапачатковага паклікання Царквы».

Іван Аляксееў /ІР, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны