Украіна павялічвае войска і хоча адмяніць прызыў на тэрміновую ваенную службу

Сёння, 1 лютага, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ, паводле якога ў краіне плануецца пераход на кантрактную армію з 2024 года. Таксама колькасць Узброеных сіл Украіны хочуць павялічыць на 100 тысяч чалавек на працягу найбліжэйшых трох гадоў, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Уладзімір Зяленскі. Фота: president.gov.ua

Па словах Зяленскага, дакумент накіраваны на павышэнне ўзроўню сацыяльнага забеспячэння ўкраінскіх вайскоўцаў, павелічэнне колькасці і ўзмацненне УСУ.

«Гэты ўказ – старт пераходу Украіны да прафесійнай арміі. Гэты ўказ – не таму, што «хутка вайна». Гэта я кажу ўсім. Гэты ўказ для таго, каб хутка і ў далейшым быў мір – мір ва Украіне», – сказаў Уладзімір Зяленскі.

Указам прадугледжана паступовае павелічэнне грашовага забеспячэння ўсіх ваенных да ўзроўню не ніжэй за тры мінімальныя заработныя платы, павелічэнне тэрміну дзеяння кантрактаў і забеспячэння жыллём ваеннаслужачых, ветэранаў і членаў іх сем’яў.

Цяпер Кабінет Міністраў павінен падрыхтаваць змены ў дзяржаўны бюджэт на бягучы год, заклаўшы фінансаванне на павышэнне грашовага забеспячэння вайскоўцаў УСУ да ўзроўню не менш за двухразовага памеру мінімальнай заработнай платы.

Дакумент таксама прадугледжвае паступовы пераход да фармавання Узброеных Сіл Украіны на прафесійнай аснове. У прыватнасці, укараненне мадэлі інтэнсіўнай сістэмы ваеннай падрыхтоўкі як магчымай альтэрнатыўнай формы праходжання тэрміновай службы і спыненне прызыву грамадзян Украіны на тэрміновую ваенную службу з 1 студзеня 2024 года. Акрамя таго, указ прадугледжвае павелічэнне на працягу наступных трох гадоў колькасці Узброеных Сіл Украіны на 100 тысяч чалавек і стварэнне дадатковых 20 брыгад УСУ.

«Рэспубліка Палессе», адказ Захаду і расейская дапамога для ЛДНР. Хронікі вайсковай эскалацыі

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны