Блогер Улад Бумага змяшчае фокус на Расею, але не пакідае YouTube

Блогер Улад Бумага (А4) не збіраецца цалкам пакідаць YouTube і афіцыйна яшчэ не анансаваў свайго пераходу на платформу VK. Пра гэта «Белсату» расказала крыніца ў адной з кампаніяў, што супрацоўнічаюць з блогерам у сферы дыстрыбуцыі відэа. Аднак адключэнне манетызацыі ў Расеі вымушае А4 прыглядацца да альтэрнатыўных пляцовак размяшчэння кантэнту і нават задумацца пра змену месца жыхарства. З гэтай нагоды паглядзелі, што сабой уяўляе бізнес вядомага беларускага блогера і як на яго паўплывала вайна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Блогер Улад Бумага падчас праграмы «Вечаровы Ургант». Фота: Влад Бумага / VK

Папулярны расейскамоўны блогер беларускага паходжання Улад Бумага (А4) не збіраецца цалкам пераходзіць з амерыканскай платформы YouTube на расейскую платформу VK. Крыніцы, блізкія да кіраўніцтва адной з кампаніяў, што супрацоўнічае з блогерам у сферы дыстрыбуцыі і манетызацыі ягонага кантэнту, адзначылі ў размове з карэспандэнтам «Белсату», што «навіна ў медыях пра быццам бы планы Бумагі моцна раздутая».

«Вядома, мы не маем інфармацыі аб усіх планах Улада Бумагі, працуем з ім толькі ў дачыненні платформы YouTube. Але нікуды ён з гэтай платформы не сыдзе. Мяркуем, што навіна аб ягоных планах пераходу моцна раздзмутая медыямі. Нам ён ніякага пераходу не анансаваў, ролікі пакуль што выпускае», – паведаміў суразмоўца «Белсату».

Пра планы папулярнага блогера «самым бліжэйшым часам» змяніць платформу размяшчэння відэаролікаў паведаміла 30 студзеня выданне «Зеркало», спасылаючыся на дзве незалежныя крыніцы.

Акаўнт А4 у «ВКонтакте» не такі папулярны, як на YouTube

У афіцыйным акаўнце блогера ў сетцы «ВКонтакте» яшчэ 30 снежня 2022 года размешчана відэа, у якім паказана, як Улад Бумага наведвае офіс VK, праходзіць па яго памяшканнях у суправаджэнні дзяўчыны і быццам бы падпісвае нейкія паперы, якія выглядаюць як дамова. Подпіс пад ролікам паведамляе: «Рухаемся ў 2023 разам з VK». На дзень 31 студзеня відэа мае крыху больш за 275 тысяч праглядаў.

Наступны пост у акаўнце блогера ў сацсетцы «ВКонтакте» размешчаны 6 студзеня 2023 года. Ён змяшчае фота Улада А4 на фоне зялёнага спорткара, што стаіць на вуліцы ў Дубаі.

Агулам у VK у Бумагі размешчана 10 ролікаў, колькасць праглядаў якіх вагаецца ад 250 тысячаў да амаль 8 мільёнаў на ролік. Відэа з найбольшай колькасцю праглядаў датаванае 5 чэрвеня 2020 года. Там паказана гісторыя святкавання блогерам дня нараджэння. Відэа сабрала за два з паловай гады 7,8 мільёна праглядаў.

Дарэчы, першае відэа ў «ВКонтакте» блогер размясціў у гэты ж дзень – 5 чэрвеня 2020 года – і расказвае ў ім пра тое, што цяпер будзе размяшчаць «крутыя ролікі» і тут. Відэа сабрала 4,2 мільёна праглядаў. Прагляды ж наступных ролікаў у два і нават у тры разы меншыя. Цікава, што 8 ролікаў з 10 былі размешчаныя ў чэрвені 2020 года. Затым у публікаванні ролікаў была зробленая паўза на 2,5 года. Перадапошні ролік у «ВКонтакте» А4 размясціў 22 снежня 2022 года, ён навагодне-каляднай тэматыкі, сабраў за паўтара месяца 432,3 тысячы праглядаў. Пры гэтым у акаўнту А4 з блакітным гачкам 891 тысяча падпісальнікаў.

Але тут трэба адзначыць, што насамрэч праглядаў у «ВКонтакте» можа быць значна болей. Проста разам з ягоным афіцыйным акаўнтам у сацсетцы – дзясяткі фэйкавых акаўнтаў, фан-суполак і каналаў кшталту «YouTube – перезаливка», дзе свабодна размешчана ягонае відэа, без усялякага прытрымлівання аўтарскіх правоў. Адсутнасць павагі да аўтарства – адна з характэрных рысаў «ВКонтакте». Агульнаю статыстыкаю, вядома ж, валодае холдынг VK, якому належыць сацсетка і мноства іншых лічбавых сэрвісаў у Расеі. Тым не менш, наўрад ці сумарныя прагляды ўсіх акаўнтаў з кантэнтам А4 у гэтай сацсетцы перавышаюць прагляды на нядаўна яшчэ асноўнай для блогера пляцоўцы ў YouTube.

Для параўнання, на заснаваным у 2014 годзе канале А4 у YouTube падпісаныя больш за 44 мільёны карыстальнікаў відэасэрвісу. Апошняе відэа «Ролики с Самой НЕОЖИДАННОЙ КОНЦОВКОЙ !», размешчанае толькі тры дні таму, на дзень 31 студзеня 2023 года ўжо сабрала 7 мільёнаў праглядаў.  Самае папулярнае відэа на гэтым канале «5 МИНУТ НАЗАД – by A4 – ШКОЛА» за 5 гадоў сабрала 107 мільёнаў праглядаў. Дарэчы, гэта кліп, у якім Улад Бумага выконвае рэп. Вось як гэта выглядае:

Паводле звестак рэсурсу «Hypeauditor», у колькасці падпісальнікаў А4 займае першае месца сярод расейскамоўных каналаў. Пры гэтым у геалакацыі каналу ўказана Беларусь. У глабальным жа рэйтынгу А4 займае 44-е месца. На першым месцы – канал музычных відэа «Tseries» з Індыі, у якога 234 мільёны падпісальнікаў, але актыўнасць праглядаў значна меншая, чым у беларускага блогера.

Крызіс блогінгу выклікала вайна

Апроч асноўнага каналу ютубер мае яшчэ два, прысвечаных эксперыментам і кемікам, развівае акаўнт на TikTok (больш за 11 мільёнаў падпісальнікаў), вядзе акаўнт у Instagram (7,5 мільёнаў падпісальнікаў) і канал у Telegram  (амаль 850 тысяч падпісальнікаў). Аднак на дадзены момант усе гэтыя сацсеткі або не маюць дзейсных механізмаў аплаты працы стваральнікаў кантэнту, або ў Расеі гэтыя механізмы не працуюць. Няма, дарэчы, зразумелага механізму манетызацыі і ў VK, адной з праяваў чаго ёсць вышэй згаданая адсутнасць павагі да аўтарскіх правоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Влад Бумага / VK

Тым часам відэахостынг YouTube належыць амерыканскаму холдынгу «Alphabet», як і пашукавік «Gooogle» ды іншыя вядомыя сэрвісы. Ён зарабляе на паказах рэкламы спажыўцам відэаролікаў, частку грошай перадаючы стваральнікам відэакантэнту і каналаў. У Расеі працяглы час вядуцца размовы, што YouTube можа быць заблакаваны на рашэнне «Раскамнагляду» або расейскай Генпракуратуры, але пакуль што Міністэрства лічбавага развіцця РФ «не бачыць у гэтым неабходнасці», пра што было заяўлена 19 студзеня.

Нагадаем, што ўжо амаль год таму, 3 сакавіка 2022 года, адразу пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну амерыканскі відэахостынг афіцыйна заявіў аб прыпыненні манетызацыі ў Расеі, гэта значыць, даходы ад рэкламы ў «Gooogle» і YouTube стваральнікам кантэнту і ўладальнікам каналаў больш не выплачваюцца.

Паводле назіранняў медыяэксперта Паўлюка Быкоўскага, у Бумагі відавочна ўзніклі «пэўныя цяжкасці, бо на цяперашні момант, асабліва з улікам праглядаў на Расею, якая была яго асноўнай аўдыторыяй, яму немагчыма зарабляць грошы, бо манетызацыя адключаная».

«Мне падаецца, што цалкам імаверны быў бы варыянт пераходу ў той праект, дзе можна зарабляць грошы. А VK зараз у Расеі выконвае функцыю адзінага відэа- і медыяхостынгу, асабліва калі ўлічыць уваходжанне ў вялікую медыягрупу, да якой далучыўся і «Яндэкс». Гэта цэлая медыяімперыя, у якой для такога гульца, як Улад Бумага, знайшлося б месца. І, імаверна, у яго ёсць добрая прапанова», – адзначыў Паўлюк Быкоўскі.

Пры гэтым эксперт удакладніў, што размова не ідзе пра тое, што пры пераходзе на іншую платформу блогеру ўдасца перавесці за сабой аўдыторыю з YouTube, але «месца, дзе ён зарабляў грошы, больш не працуе, а ёсць месца, дзе яму грошы відавочна прапануюць, каб ён пачаў ствараць кантэнт там».

Скіраваныя на Расею бізнес інтарэсы А4

Апроч бізнесу, які грунтуецца на атрыманні даходу ад паказу рэкламы ў кантраляваных ім відэаканалах у сацсетках, Улад Бумага таксама актыўнае манетызуе здабытую ў дзяцей папулярнасць, дзеля чаго адчыніў онлайн-краму мерчаў, у якой прадае адзенне, канцтавары і снэкі ўласнага брэнду «LavaLava», валодае кампаніяй-рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогіяў «Чатырыачатыры», якая распрацоўвае мабільныя гульні.

У бізнесе беларускага блогера ўсё яскравей бачны фокус на Расею, што тлумачыцца размяшчэннем там найбольшай часткі ягонай аўдыторыі. Некаторыя бізнесы Улада Бумагі наўпрост звязаныя з расейцамі, як, напрыклад вытворчасць снэкаў. У праекце ўдзельнічаюць выхадцы з «Данон Россия», гандлёвых сетак «Дикси», «Пятёрочка» і іншых.

Паведамляецца, што з удзелам блогера праводзяць разыгранні ды рэкламныя акцыі буйныя кампаніі «Бургер Кінг», «Билайн» ды іншыя. Яшчэ з удзелам Улада Бумагі арганізоўваюцца офлайн-падзеі. Паведамляецца, што сярод дзяцей з Рублёўкі папулярна арганізоўваць святкаванні Дня народзінаў з запрашэннем блогера-куміра.

У сувязі з кіраваннем такой разгалінаванай сеткай бізнесаў Бумагі ўсё часцей у прэсе ўпамінаецца кампанія «А4 Grope». У інтэрвʼю расейскаму інтэрнет-рэсурсу «Состав» генеральны дырэктар названай вышэй кампаніі Дзмітрый Смірноў паведаміў цікавую акалічнасць, што нягледзячы на адключэнне манетызацыі ў Расеі, А4 працягвае атрымліваць даход ад манетызацыі ў Беларусі, Казахстане і нават Украіне.

Падобна на тое, што блогер набыў кватэру ў элітным раёне Масквы. Пра гэта расказаў тэлеграм-канал «Тушите свет». Паведамляецца, што Бумага набыў пентхаус у новым жыллёвым комплексе «Cloud Nine» па цане каля ₽ 500 млн. Жыллё А4 у расейскай сталіцы размяшчаецца «за 4 дамы ад Крамля». У доме толькі 45 кватэраў, жыллё блогера размяшчаецца на двух паверхах агульнай плошчай 270 м2.

Палітычны чыннік

Трэба адзначыць, што VK – гэта кампанія, якая сёння абʼядноўвае сацсеткі «ВКонтакте», «Одноклассники», «Мой Мир», сэрвісы электроннай камерцыі, транспарту і сувязі. VK у выніку шэрагу гешэфтаў паглынула былыя рэсурсы «Mail.ru Groupe», «Яндекс» і іншых раней незалежных кампаніяў і сэрвісаў. Некаторыя старыя сэрвісы VK носяць ранейшыя назвы, а новыя ўжо ўтрымліваюць у сабе назву галоўнай кампаніі, як напрыклад «VK видео», для працы на якім, відаць, і запрасілі Улада Бумагу. Але самае галоўнае, што VK звязана з дзейснымі расейскімі ўладамі і зʼяўляецца, паводле адзнак экспертаў, інструментам кантролю за рунэтам і сродкам ідэалагічнага ўздзеяння. У такім кантэксце пераход «расейскамоўнага блогера № 1» з амерыканскага сэрвісу на новы расейскі сэрвіс можа выглядаць як маленькая маральная перамога расейцаў. Але пакуль няма афіцыйнага пацверджання, што А4 пагадзіўся.

Як падкрэсліў медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, блогер Улад А4 спецыялізуецца на відэароліках для дзіцячай аўдыторыі. Самыя папулярны фармат – чэленджы кшталту «24 гадзіны ў дэльфінарыі», «Сёння ядзім усё чырвонае» і г. д. Сярод кантэнту шмат лайфхакаў, пранкаў, конкурсаў, актывацыяў, эксперыментаў. Частка кантэнту скіраваная на падлеткаў, якія ад А4 даведваюцца, як вылучыцца, як пазнаёміцца з кімсьці, як стаць лідарам, як мець лепшы стыль, быць «першым хлопцам на вёсцы». Паводле медыяэксперта, у блогера «ёсць даволі крэатыўнае відэа», гэта супольны прадукт з дыджытал-агенцыяй, «бо ў яго там было шмат рэчаў, звязаных з манетызацыяй кантэнту».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Влад Бумага / VK

У гутарцы з экспертам карэспандэнт «Белсату» згадаў неадназначнае відэа А4, у якім ён з сябрамі дэгустуе ежу, якая максімальна імітуе харчы ў розных турмах свету (ежы з беларускіх турмаў там не было, а расейскую назвалі агулам нармальнай), і запытаўся, ці не выглядае такое відэа палітычна ангажаваным.

«У яго шмат смешных і цікавых для дзяцей і падлеткаў тэмаў, дзе ён забаўляе, шмат мэмаў. Гэта, мне падаецца, не ёсць чымсьці абавязкова палітычным. Іншае пытанне, што кан’юнктура можа прымусіць яго рабіць і такое», – адзначыў Паўлюк Быкоўскі.

Нагадаем, што Улад Бумага нарадзіўся ў Менску ў 1996 годзе ў звычайнай сямʼі. 9 гадоў займаўся хакеем, але атрымаў траўму і спыніў заняткі. У 2014 годзе пачаў весці відэаблог на YouTube, які назваў А4, абыграўшы сваё сапраўднае прозвішча Бумага. Хутка займеў папулярнасць за кошт пародыі на трэк «Между нами тает лёд» украінскага гурта «Грибы». Наступным крокам да папулярнасці зрабіліся розныя чэленджы, першым з якіх стаў ролік «24 гадзіны ў батутным парку». Паводле звестак рэсурсу «Промопоиск», Улад Бумага А4 па выніках 2020 года зарабіў каля $ 1 000 000.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны