«Недарэчныя рэчы». Паплечнік Пазняка адмовіўся лічыць піяр-акцыяй ягоную паездку ў Бахмут

Прадстаўнік руху «Вольная Беларусь» Павел Усаў, які разам з Зянонам Пазняком пабываў у Бахмуце і сустрэўся з ваярамі палка Каліноўскага, адмовіўся лічыць паездку піяр-акцыяй. Палітык, наадварот, падзяліўся з добраахвотнікамі сваім капіталам, збудаваным у 1990-ыя гады, заявіў Усаў у эфіры «Белсату».

Дзмітрый Шчыгельскі, Зянон Пазняк і Павел Усаў падчас паездкі да добраахвотнікаў палка Каліноўскага. Бахмут, Украіна. 30 студзеня 2023 года. Фота: Полк Кастуся Каліноўскага / Telegram

Павел Усаў з руху «Вольная Беларусь» назваў «недарэчнымі рэчамі» меркаванне, што Зянон Пазняк з’ездзіў у Бахмут да палка Каліноўскага дзеля піяру. У эфіры «Белсату» ён заклікаў усіх, хто лічыць, што мэта візіту была менавіта ў гэтым, наведаць самую гарачы пункт на ўкраінскім фронце і на свае вочы пабачыць, што там адбываецца.

Як адзначыў Усаў са спасылкаю на словы самога Пазняка, палітык збудаваў свой капітал у 1990-ыя гады, калі «змагаўся за незалежную Беларусь, за сцяг, за герб».

«І цяпер увесь гэты палітычны капітал ён хацеў бы перадаць і падтрымаць гэтым капіталам полк Каліноўскага. Тое, што ён зрабіў, ён зрабіў не для сябе, а для каліноўцаў. Свой аўтарытэт, свой гістарычны ўклад у развіццё Беларусі ён інвестуе ў полк Каліноўскага, спадзеючыся і веруючы ў тое, што каліноўцы стануць рухавіком палітычных зменаў і рэформаў у Беларусі».

Прадстаўнік руху «Вольная Беларусь» сказаў, што асноўнай мэтай паездкі былі размовы з добраахвотнікамі і супраца з імі.

«Гэта, канечне, супраца, узаемападтрымка, перш за ўсё, палітычная падтрымка палка настолькі, наколькі гэта магчыма, і ўзаемадзеянне ў перспектыве. Тых людзей, якія штосьці кажуць пра піяр, запрашаю наведаць Бахмут. Няхай пабачаць тое, што там адбываецца, а потым кажуць пра нейкі піяр».

Павел Усаў мяркуе, што сустрэча з Пазняком была карыснай і для ваяроў. Яны пачулі, што «пра іх ніхто не забываецца і што нават у такі цяжкі рызыкоўны момант туды прыехалі і з імі размаўлялі, іх пачулі».

Павел Усаў на сустрэчы Зянона Пазняка з беларусамі і ўкраінцамі ў Кіеве, Украіна. 25 студзеня 2023 года. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Суразмоўца «Белсату» таксама адказаў на пытанне, якую карысць для простага беларуса нясе паездка Пазняка ў Бахмут.

«А што даюць візіты Святланы Ціханоўскай для простых жыхароў Беларусі – у ЗША ці Нямеччыну, ці ў Францыю – для тых, хто знаходзіцца пад рэпрэсіямі? Візіт Зянона Станіслававіча ва Украіну, сустрэча з палком Каліноўскага дае вельмі важны вынік для хлапцоў, якія змагаюцца і рызыкуюць сваім жыццём. Гэта тыя ж самыя простыя людзі, простыя жыхары Беларусі, якія жылі ў краіне і паехалі ваяваць супраць расейскага агрэсара. Менавіта для канкрэтна гэтых людзей гэта быў канкрэтны крок, канкрэтная размова, канкрэтнае бачанне і канкрэтная падтрымка», – упэўнены Усаў.

Ён падкрэсліў, што беларусы мусяць ганарыцца палком Каліноўскага.

«Байцы жывуць у няпростых умовах, фактычна спартанскіх. Гэта людзі са сталі, мы імі павінныя ганарыцца. Тое, у якіх умовах яны змагаюцца, нягледзячы ні на што, змагаюцца за Беларусь».

Усаў распавёў, што разам з Пазняком пабываў непасрэдна на лініі сутыкнення з расейскімі войскамі, на мінамётнай пазіцыі беларускага разліку. А сам Бахмут цяпер – амаль горад-прывід.

«Спаленыя, разбітыя, знішчаныя будынкі, фактычна пусты горад, хаця застаюцца яшчэ людзі, нікуды не хочуць выязджаць. Гэта горад, пад якім стаяць расейскія вайскоўцы, рэгулярна абстрэльваецца. Амаль кожную хвіліну ідзе абмен агнём, стрэлы, выкарыстанне сістэмаў залпавага агню».

Раней у каментары для «Белсату» палітолаг Валер Карбалевіч сказаў, што Зянон Пазняк і ягоны рух «Вольная Беларусь» намагаецца стварыць з палком Каліноўскага альянс, і адзначыў, што палітык наведаў Бахмут дзеля піяру. Як адзначыў Карбалевіч, гэта цалкам натуральна: «Паездка ва Украіну сёння – станоўчы вобраз для любога палітыка, які выступае з пазіцыі дэмакратыі, абароны правоў асобы, супраць расейскіх імперскіх замашак».

Падтрымаў ваяроў, падарыў кнігі і папіярыўся. Навошта Пазняк ездзіў да палка Каліноўскага?

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны