Эксперт: Кітай хоча аддачы, а сістэма Лукашэнкі гэтага прапанаваць не можа

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Кітай з дзяржаўным візітам  ізастанецца там да 2 сакавіка. Афіцыйна адзначаецца, што ён мае намер весці перамовы пра павелічэнне гандлю і развіццё праектаў. Эксперты ў размове з «Белсатам» звяртаюць увагу, што Беларусь была цікавая Кітаю як транзітная краіна, але яна страціла гэтую сваю функцыю праз санкцыі. Стасункі паміж краінамі ў новых умовах могуць патрабаваць  абмеркавання.  

Старшыня КНР Сі Цзінь Пін і Аляксандр Лукашэнка на саміце ШАС. Самарканд, Узбекістан. 15 верасня 2022 года. Фота: president.gov.by

Праўладны тэлеграм-канал «Пул Первого» паведамляе, што Аляксандр Лукашэнка 28 лютага прыляцеў у Кітай. Чакаецца, што ён сустрэнецца са старшынёй КНР Сі Цзінь Пінам, каб абмеркаваць гандлёва-эканамічную, інвестыцыйную і гуманітарную супрацу. Візіт працягнецца да 2 сакавіка.

Кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін, каментуючы гэты візіт, адзначае, што апошнім часам Лукашэнка пачаў актыўна ездзіць па свеце. Ён наведаў Зімбабвэ, ААЭ, Кітай, у перспектыве – візіт у Іран. Магчыма, кажа эксперт, яму надакучыла Сочы і Масква.

Наведвае ён тыя краіны, якія не ставяць каштоўнасці правоў чалавека на першы план, а дзейнічаюць прагматычна.

«Кітай насамрэч не ставіць Беларусь на адным узроўні з сабой. Але для Пекіну мы з’яўляемся важным звяном праекту «Адзін пояс – адзін шлях». Для Кітаю Беларусь – гэта своеасаблівая брама ў Еўропу, бо для Кітаю вельмі важныя транзітныя, лагістычныя меркаванні. Таксама, калі ўкладаюць сюды сродкі, то вырашаюць і пытанні лакалізацыі прадукцыі, каб потым было зручней прадаваць тавары на Захад у Еўропу», – кажа палітычны аналітык @pozirkonline Аляксандр Класкоўскі.

Эксперт нагадвае, што раней Кітай нават запазычваў беларускія тэхналогіі, але цяпер бакі памяняліся месцамі. Кітайскі рынак – фактычна бясконцы што да продажу харчоў. Таксама значную частку беларускага экспарту складаюць калійныя ўгнаенні. Кітаю нават выгадна, што гэтая галіна трапіла пад санкцыі краінаў Захаду, бо цяпер можна збіваць кошты на беларускі калій.

Расея і Украіна наўрад ці пойдуць на кітайскі мірны план. Нашто тады Кітай яго публікаваў?

Эксперты лічаць, што ў Лукашэнкі вялікія чаканні, і гэта таксама звязана з санкцыямі.

«Кітай можна цяпер выкарыстоўваць не як фортку ў вонкавы свет, а як сапраўдную браму. Канечне, для кітайцаў таксама існуе рызыка трапіць пад санкцыі. І гэтыя пагрозы ў выніку могуць спыніць усякую супрацу. Пры гэтым беларускаму рэжыму наагул практычна няма чаго прапанаваць Кітаю. На сёння нашая краіна ўяўляе сабой тупік свету», – кажа Яўген Красулін.

Лукашэнка можа прапанаваць калійныя ўгнаенні і драўніну. На гэтым пералік завяршаецца, кажа эксперт. Кітай хоча таксама аддачы, а гэта тое, чаго пабудаваная сістэма Лукашэнкі прапанаваць не можа. Трэба чакаць адмены санкцыяў, змены рэжыму, тады нашая тэрыторыя Кітаю спатрэбіцца.

Экспарт беларускай прадукцыі ў Расею вырас у 1,4 разу, у Кітай – амаль у 2 разы

Палітычны дывідэнды ад візіту ў Кітай

Іншая справа – палітычныя матывы для Кітаю. Тут суразмоўцы «Белсату» кажуць, што Паднябесная імкнецца паступова ўзмацняць свой уплыў на краіны, якія былі пад уплывам Крамля. Асабліва гэта бачна на прыкладзе краінаў Цэнтральнай Азіі.

«Я думаю, што Лукашэнка нават зайздросціць прэзідэнту Казахстану Касым-Жамарту Такаеву, які можа пярэчыць кіраўніку Крамля. Таму Лукашэнка, можа, і падумвае пра тое, каб збалансаваць страшэнны ўплыў Расеі. Як дзейнічае Казахстан – гэта пажаданы ўзровень. Іншая рэч, што для Лукашэнкі гэта вельмі складаная задача», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Кітай самадастатковы. Але ён цяпер актыўна вядзе міжнародную палітыку, заўважае Яўген Красулін. Яму патрэбнае падтрыманне на міжнароднай арэне, у тым ліку і галасы ў ААН. Кітай імкнецца заняць тэрыторыю, каб яна была ў сферы ўплыву.

Самалёт Лукашэнкі прызямліўся ў Пекіне. Фота: «Пул Первого» / Telegram / pul_1

Дзе Лукашэнка, там і шэрыя схемы

Адметна, што візіт Лукашэнкі ў Кітай выклікаў насцярожанасць краінаў Захаду. Аляксандр Класкоўскі кажа, што нагодай сталі раней агучаныя ў медыях меркаванні, што Кітай можа паставіць для Расеі праз Беларусь беспілотнікі, каб не трапіць пад санкцыі. Тым больш што Беларусь самастойна развівае вытворчасць беспілотнікаў, ды і наагул досвед кантрабанды даволі вялікі.

«Але я думаю, што невыпадкова менавіта ЗША найперш адрэагавалі на візіт Лукашэнкі ў Кітай, паколькі ідзе глабальнае суперніцтва паміж гэтымі краінамі. І ў пэўных сферах менавіта Кітай выходзіць лідарам. Для Вашынгтону гэта даволі балюча», – кажа палітычны аглядальнік.

Чаму Кітай не дапамагае Пуціну зброяй? Інтэрв’ю з Пітэрам Залмаевым

Акрамя зброі Захад больш занепакоены антызаходнімі настроямі ў кітайскім кіраўніцтве. У  ЗША назіраюць за тым, якія канфігурацыі Кітай спрабуе пабудаваць у свеце, кажа Яўген Красулін.

«Беларусь заангажаваная ў схемы паставак зброі ў розныя краіны свету, то бок досвед існуе. Але з іншага боку, узнікае пытанне лагістыкі, як гэта зрабіць на практыцы з улікам ізаляцыі нашай краіны ад вонкавага свету. Адзіная адчыненая мяжа – толькі з Расеяй. Ды і наагул, калі Кітай нешта ўпотай мае намер паставіць Расеі, дык паміж краінамі існуе непасрэдна чыгуначнае злучэнне. Існуе марское злучэнне, якое адсачыць вельмі складана. Можна спрабаваць правезці праз Іран тыя ж беспілотнікі. Таму складана ўявіць, што Беларусь стане звяном паставак зброі з Кітаю ў Расею», – зазначае Яўген Красулін.

Кітай вядзе перамовы з Расеяй наконт беспілотнікаў

Мікалай Каткоў belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны