Вынеслі нават відэльцы і лыжкі. Расейскія вайскоўцы пакінулі ЧАЭС

Расейскія вайскоўцы 31 сакавіка пакінулі тэрыторыю Чарнобыльскай АЭС. Пры гэтым, як паведамляе ўкраінскае Дзяржаўнае агенцтва кіравання зонай адчужэння, падчас выхаду яны разрабавалі памяшканні, скралі тэхніку і іншыя каштоўныя рэчы.

Чарнобыльская атамная электрастанцыя. Фота: wikipedia.org

Гэтак, былі скрадзеныя камп’ютары, чайнікі, кававаркі і кантэйнеры з рэчамі. З гатэлю пры ЧАЭС вынеслі посуд, відэльцы і лыжкі.

«З ЧАЭС забралі нашых нацгвардзейцаў, якія з першага дня былі ў палоне на атамнай станцыі, яны ахоўвалі яе. Іх забралі і вывезлі на аўтамабілях», – паведаміў мэр Славуціча Юрый Фамічоў.

Між тым «Энергаатам» пацвердзіў інфармацыю «аб фартыфікацыйных збудаваннях, акопах, якія «рашысты» пабудавалі проста ў Рудым лесе – самым забруджаным ува ўсёй зоне адчужэння».

«Нядзіўна, што акупанты атрымалі значныя дозы апраменьвання», – заявілі ў ведамстве.

Любыя вайсковыя дзеянні вакол АЭС нясуць страшныя рызыкі

24 лютага Чарнобыльскую АЭС захапілі расейскія войскі. Доўгі час на станцыі не маглі змяніць персанал, які там працаваў.

З 9 сакавіка ЧАЭС была без электрычнасці праз пашкоджанні электралініі расейскімі вайскоўцамі. 15 сакавіка на Чарнобыльскай АЭС аднавілі электразабеспячэнне.

Расейскія вайскоўцы рабуюць Чарнобыль: з офісаў вывозяць аргтэхніку, сістэмныя блокі

ПС belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны