Літоўская «VMG Group» спыніла працу ў Беларусі

Літоўскі гігант дрэваапрацоўвання «VMG Group» прыпыніў увесь бізнес у Беларусі. Пра гэта паведаміў BNS гендырэктар кампаніі Эгідзіюс Моцкус (Egidijus Mockus).

VMG Group. Фота: vmg.eu

«Так, мы спынілі ўвесь наш бізнес у Беларусі: раней быў спынены Магілёўскі завод, работнікі адпраўленыя на прастой, а ў Віцебску мы прынялі рашэнне прыпыніць далейшае будаўніцтва», – распавёў кіраўнік кампаніі.

Паводле яго, далейшыя дзеянні з беларускімі актывамі пакуль абмяркоўваюцца.

У Беларусі вырабляліся тавары для IKEA. Літоўская група інвеставала ў праект у СЭЗ «Віцебск», а таксама планавала працягваць развіццё вытворчых магутнасцяў у Беларусі. Агулам у «VMG Group» уваходзіць 27 прадпрыемстваў у Еўропе.

Куды перанакіраваць беларускі экспарт? Задача з трыма невядомымі

У сакавіку Еўрапейскі Звяз увёў чарговы пакет санкцыяў супраць Беларусі. Абмежаванні закранулі адну з самых адчувальных галін беларускай эканомікі – дрэваапрацоўванне. Размова ідзе аб поўнай забароне экспарту ў Еўропу прадукцыі дрэваапрацоўвання пад кодам 44. У гэту групу тавараў уваходзіць большасць тавараў з дрэва: напрыклад, піламатэрыялы, брыкеты, паліўныя гранулы, фанера і розныя драўняныя пліты.

Цікава, што ў лютым прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка прыгразіў, што ўлады могуць спыніць экспарт драўніны ў Літву. У выніку экспарт спыніў сам Еўразвяз.

Раман Галоўчанка прыгразіў спыніць экспарт драўніны ў Літву

Макар Мыш belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны