Лукашэнка прадстаўнікам спецслужбаў СНД: Захад плануе пераварот у Беларусі

1 чэрвеня ў Менску прайшла сустрэча ўдзельнікаў 52-га паседжання Савету кіраўнікоў органаў бяспекі і спецыяльных службаў дзяржаваў – удзельніц СНД. Лукашэнка зноў казаў пра спробы Захаду здзейсніць пераварот у Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з кіраўнікамі спецслужбаў краінаў СНД. Менск, 1 чэрвеня 2023 года Фота: БелТА

Падчас паседжання абмяркоўваліся пытанні павышэння эфектыўнасці супрацы і ўзаемадзеяння ў барацьбе з міжнародным тэрарызмам, а таксама з гвалтоўнымі праявамі экстрэмізму. Таксама гаворка вялася пра супрацьдзеянне кантрабандзе зброі і наркотыкаў, інфармацыйна-псіхалагічнаму ўздзеянню і распаўсюду непраўдзівай інфармацыі.

Таксама ўдзельнікі паседжання сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам.

У сваім выступе перад прадстаўнікамі спецслужбаў Лукашэнка заявіў, што вайскова-палітычныя абставіны вакол СНД абвастраюцца, што буйныя гульцы вакол спрабуюць «паціху нас расцягнуць». І гэтага, на думку Лукашэнкі, нельга дапусціць.

Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі зноў падкрэсліў, што Захад рыхтуе сілавы сцэнар змены ўлады ў Беларусі: «Што да Беларусі, магу адзначыць, што ў Польшчы, Літве і, на жаль, ва Украіне вядзецца навучанне чальцоў незаконных узброеных фармаванняў, робяцца спробы стварэння спячых экстрэмісцкіх ячэек непасрэдна ў краіне. Нядаўнія факты сведчаць пра гэта».

Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, адной з ключавых пагрозаў сёння ёсць інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне, распаўсюд заведама фальшывай, фэйкавай інфармацыі. Гэта робіцца з мэтай падрыву аўтарытэту дзяржаваў СНД. «Пад фэйкі часам падводзяць небяспечныя, агрэсіўныя дзеянні», – сказаў Лукашэнка.

Таксама ўзурпатар адзначыў, што вайна ва Украіне пачалася нават не ў 2014 годзе, а значна раней: «Я абсалютна згодны з прэзідэнтам Пуціным, калі ён гаворыць аб тым, што не мы пачалі гэтую вайну. Яна пачалася нават не ў 2014 годзе. Яна пачалася задоўга да 2014 года. Той здзейснены «карычневы» пераварот. Мы бачылі, хто Украіну да гэтага падводзіць».

Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, што ў Расеі таксама былі такія «свядомыя», якія падштурхоўвалі да вайны, «вылі, крычалі, стагналі, патрабуючы абараніць расейскага чалавека ў Данбасе»: «Бо яны падштурхоўвалі да гэтага перш за ўсё. І ў нас таксама такія былі. Ну, абаранілі. І дзе гэтыя «свядомыя», разумныя, прасунутыя апынуліся? Хто праз Лачынскі калідор пабег, хто праз Беларусь спрабаваў бегчы, але, балазе, у нас з Расеяй жорсткія правілы… Пачынаюць асуджаць кіраўніцтва Расеі – хто з Ізраілю, хто з Грузіі. А чаго вы асуджаеце? Вы ўчора былі заўзятымі прыхільнікамі гэтай аперацыі», – прыводзіць словы Лукашэнкі БелТА.

Акрамя таго, на думку Лукашэнкі, цяпер на Захадзе ўжо пачынае «разгортвацца рэвалюцыя» супраць паставак Украіне зброі, хутка яна, маўляў, дасягне свайго піку. Таму «Захад і амерыканцы» хочуць цяпер нейкай паўзы ў ваенных дзеяннях ва Украіне, каб правесці выбары. Але, паводле яго, трэба сядаць за стол перамоваў і дамаўляцца, каб спыніць вайну, а не «шукаць нейкія шчыліны, каб на пэўны перыяд заціхарыцца, а пасля зноў пачаць».

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны