Баі і перспектывы бакоў на розных кірунках. Што адбываецца ва Украіне?

«Белсат» падводзіць вынікі 829-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook

Харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах Харкаўскай вобласці)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца цяжкія баі ў ваколіцах буйнога сяла Ліпцы і на тэрыторыі гораду Ваўчанск (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Тэлеграм-канал «Два майора» удакладняе, што на першым участку лінія сутыкнення праходзіць па лесапалосах і лясных масівах на паўночным усходзе ад населенага пункту. У гэты ж час у Ваўчанску баявыя дзеянні лакалізуюцца ў раёне шматпавярховых дамоў.

Іншая прарасейская крыніца – «Архангел Спецназа» – піша, што Збройныя сілы Украіны пачалі наносіць удары з РСЗА HIMARS па прылеглых раёнах Расейскай Фэдэрацыі, што ў сваю чаргу ў перспектыве вымусіць расейцаў адцягнуць сваю артылерыю, РСЗА, рэзервы і раёны забеспячэння далей ад фронту.

Праўкраінскі «Говорять Снайпер» паведамляе, што ЗСУ ўжо знішчылі першыя адзінкі тэхнікі на кірунку.

Наступленне Расеі на Харкаўшчыне: што гэта значыць і чаго чакаць далей?

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку ініцыятыва застаецца за Узброенымі сіламі РФ. Украінскае камандаванне фіксуе шэраг безвыніковых атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Петрапаўлаўка, Бераставое, Новаягораўка, Макееўка і Дружалюбаўка.

Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы занялі больш выгадныя рубяжы на асобных участках фронту.

На суседнім ліманскім кірунку наступальныя дзеянні расейцаў зафіксаваныя на поўначы Данецкай вобласці каля сёлаў Церны і Торскае (на ўсходзе ад ракі Жарабец), а таксама побач з сялом Дзіброва на Луганшчыне (на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва). Зменаў лініі сутыкнення не адзначаецца.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

Ніжэй па фронце, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы атакавалі на так званым сівэрскім выступе ў ваколіцах населеных пунктаў Раздолаўка, Івана-Дар’еўка і Выемка, але поспеху не дасягнулі.

Больш складаная для ўкраінцаў сітуацыя назіраецца на краматорскім кірунку, дзе асноўныя намаганні войскаў РФ засяроджаныя ў ваколіцах гораду Часаў Яр.

Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць прасоўванні УС РФ на паўночным усходзе раёну гораду, які знаходзіцца за каналам Сівэрскі Данец – Данбас.

Праблемы на гэтым участку фронту прызнаюць і вайскоўцы Сілаў абароны Украіны.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што адначасова войскі РФ атакуюць на поўдні ад гораду каля заказніку Ступкі-Галубоўскія-2.

Канал «Два майора» сцвярджае, што тут перадавыя атрады УС РФ перайшлі канал, што ў перспектыве можа дазволіць атачыць усходнюю частку Часавага Яру.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку расейцы наступаюць адразу на некалькіх участках з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

У Deepstate гавораць аб прасоўваннях войскаў РФ каля населеных пунктаў Сокал і Сямёнаўка.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што Узброеныя сілы РФ развіваюць поспех на поўдні кірунку ў два бакі ад захопленага сяла Нятайлава – да Каралаўкі і Яснабродаўкі.

Яшчэ адна прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Военкор Котенок» – паведамляе, што да Яснабродаўкі расейцы ідуць і з боку Уманскага.

Акрамя гэтага рух УС РФ фіксуецца ў сяле Новааляксандраўка і ягоных ваколіцах.

На курахаўскім кірунку працягваюцца гарадскія баі ў цэнтральнай частцы Краснагораўкі, дзе ЗСУ захоўваюць пазіцыі ў комплексе пяціпавярховых дамоў з поўначы ад цагельнага заводу. «Рыбарь» адзначае, што пакуль украінцы трымаюць абарону за кошт перавагі ў FPV-дронах. Разам з тым расейская авіяцыя паступова знішчае пазіцыі праціўніка, што ў далейшым вымусіць Збройныя сілы адысці далей на поўнач і захад у прыватны сектар, абарона якога не такая перспектыўная.

Ніжэй па фронце, па словах Пегава, ідуць баі ў сяле Парасковіеўка. Войскі РФ паступова прасоўваюцца.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці Узброеныя сілы РФ ціснуць на поўначы і ўсходзе сяла Старамаёрскае. У сваю чаргу ЗСУ на так званым урэмаўскім выступе контратакуюць у суседнім сяле Ураджайнае. Пры гэтым зменаў лініі сутыкнення не фіксуе ніводная з крыніцаў.

У Запарожскай вобласці расейцы зноў атакавалі з флангаў выступ па фронце каля гораду Арэхаў і, паводле Deepstate, прасунуліся ў ваколіцах сяла Несцяранка.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» мяркуе, што ў выпадку развіцця поспеху на гэтым участку, войскі РФ выйдуць з тылу да пазіцыяў ЗСУ ў сяле Работына, баі за якое працягваюцца доўгія месяцы.

У Херсонскай вобласці цягам содняў ішлі баі на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі, але зменаў па фронце не адбылося.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Прагнозы адносна вайны ва Украіне: у пачатку ўварвання і праз два гады

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны