Джо Байдэн агучыў новы план урэгулявання канфлікту на Блізкім Усходзе

Прэзідэнт ЗША Джой Байдэн презентаваў мірны план,  які дазволіць спыніць вайну ў сектары Газа і вызваліць ізраільскіх закладнікаў.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Вашынгтон, ЗША. 13 лютага 2024 года. Фота: Cameron Smith / The White House / Facebook

Прэзідэнт ЗША Джой Байдэн у сваёй прамове падкрэсліў, што план быў распрацаваны «пасля інтэнсіўнай дыпламатыі»: шматлікіх перамоваў з лідарамі Ізраілю, Катару, Егіпту і іншых краінаў Блізкага Усходу.

План, які агучыў амерыканскі лідар, складаецца з трох этапаў.

Першы этап прадугледжвае спыненне агню на шэсць тыдняў і вывад ізраільскіх войскаў з усіх паселішчаў сектару Газа. Гэты этап будзе суправаджацца абменам часткі закладнікаў (у першую чаргу жанчын, дзяцей, старых) на сотні палестынскіх вязняў. Таксама будуць рэзка павялічаны аб’емы гуманітарнай дапамогі ў пацярпелыя раёны.

Другі этап прадугледжвае поўнае спыненне ваенных дзеянняў у сектары Газа і вызваленне ўсіх ізральскіх закладнікаў, уключаючы вайскоўцаў. Пасля гэтага павінны распачацца мірныя перамовы.

Трэці этап прадугледжвае маштабнае аднаўленне сектару Газа пры ўдзеле ЗША і міжнароднай супольнасці.

Паводле прэзідэнта ЗША, народ Ізраілю можа не турбавацца наконт сваёй далейшай бяспекі, бо «Хамас» панёс вялізарныя страты і цяпер не здольны паўтарыць тэрарыстычны напад, які быў учынены 7 кастрычніка 2023 году. Менавіта ў гэтым і заключалася мэта ваеннай аперацыі Ізраілю ў Газе, нагадаў Байдэн. На думку прэзідэнта, працяг вайны ў пагоні за незразумелай ідэяй «поўнай перамогі» прывядзе толькі да таго, што Ізраіль загразне ў Газе і трапіць у міжнародную ізаляцыю.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда запытаў ордар на арышт лідараў Ізраілю і «Хамасу»

Байдэн таксама выказаў спадзеў, што на гэтыя ўмовы пагадзіцца «Хамас».

«Цяпер сапраўды вырашальны момант… «Хамас» кажа, што хоча спынення агню. Гэтая здзелка з’яўляецца магчымасцю даказаць свае словы справай», – падкрэсліў палітык.

Прычым ён зазначыў, што калі палестынская групоўка не выканае свае абавязкаў, то Ізраіль будзе мець права аднавіць ваенную аперацыю.

«Сізіфава задача» для Ізраілю. Тлумачым, чаму вайне ў сектары Газа не бачна канца

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны