На польска-беларускай мяжы сабралася чарга аўтамабіляў, як у 90-я гады

На памежным пераходзе Цярэспаль з польскага боку 1 ліпеня сабралася незвычайна даўгая чарга легкавых аўтамабіляў, піша «Ганцавіцкі час». А на пераходзе Карошчын-Казловічы стаяць фуры.

Чарга ў бок памежнага пераходу Цярэспаль станам на 17:00 1 ліпеня 2023 года. Фота: Ганцавіцкі час

Чарга легкавых аўтамабіляў пачынаецца на чыгуначным мосце каля Цярэспалю. Да памежнага пераходу адтуль – больш за 3 кіламетры. У чаканні стаяць больш за 400 аўтамабіляў і аўтобусаў. Людзі, якія даўно ездзяць праз гэтую мяжу, кажуць, што такія чэргі апошні раз былі ў 1990-гадах, зазначае «Ганцавіцкі час». Кіроўцы з чаргі распавядаюць, што шмат аўтамабіляў на мяжы адпраўляюць на рэнтген.

Сёння Цярэспаль – адзіны дзейны памежны пераход на мяжы Беларусі і Польшчы.

Латвія збіраецца ўвесці электронную чаргу на мяжы з Беларуссю, каб паменшыць чэргі

Падобная сітуацыя з фурамі. Яны стаяць на пераходзе Карошчын-Казловічы. Хвост чаргі пачынаецца каля населенага пункту Менджыжэц Падляскі і цягнецца на больш чым 60 кіламетраў. Уздоўж чаргі дзяжурыць польская паліцыя.

Аляксей, які працуе лагістам у польскай кампаніі, лічыць, што прычыны чэргаў у тым, што цяпер усе хочуць хутчэй пазбавіцца ад прычэпаў.

«Плюс да ўсяго іншага былі рамонты: польскі тэрмінал на рамонце цяпер, адпаведна хуткасць афармлення ўпала. І пазаўчора на беларускім тэрмінале ўвогуле святла не было некалькі гадзін, адпаведна яны не афармлялі ўвогуле. Так што асаблівых прычынаў няма – магчыма, да пачатку наступнага тыдня рассасецца», – распавёў мужчына.

Аляксандр, які ўстаў у чаргу а 5-й гадзіне раніцы 1 ліпеня і толькі а 18-й гадзіне ўвечары трапіў у польскі тэрмінал пасля мытнага і памежнага кантролю, мяркуе, што прычына чэргаў у сезоне адпачынкаў.

«Сезон адпачынкаў, едуць так званыя «рускія немцы», чачэнцы. Плюсь вельмі шмат у чарзе аўтамабіляў на транзітных нумарах. Яны едуць на чырвоны канал. А тыя, што едуць на зялёны, не могуць іх аб’ехаць і стаяць у агульнай чарзе», – кажа Аляксандр.

Людзі, якія стаяць у чарзе, тэлефанавалі на гарачую лінію Дзяржаўнага памежнага камітэту, і ім патлумачылі, што няма тэхнічнай магчымасці паскорыць рух. У памежных чатах тым часам з’явіліся прапановы аб пакупцы месца ў чарзе ў бок Беларусі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны