«Белсат» падводзіць вынікі 859-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.
На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца баі на двух асноўных участках фронту – на паўднёвых ускрайках сяла Глыбокае і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў.
Ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што большай ініцыятывай валодаюць Збройныя сілы Украіны, якія намагаюцца адкінуць праціўніка да дзяржаўнай мяжы з РФ. Адзначаецца, што лінія сутыкнення знаходзіцца ў пастаянным руху, але пра істотныя змены гаварыць не даводзіцца.
Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Два майора» – піша, што баі маюць сустрэчны характар, пры гэтым кожны з бакоў канфлікту пакуль не можа знайсці слабыя месцы ў абароне праціўніка.
У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках расейцы цягам содняў атакавалі ў ваколіцах населеных пунктаў Сынькоўка, Пішчанае, Бераставое, Стэпавая Навасёлаўка, Стэльмахаўка, Макееўка, Грэкаўка, Неўскае і Торскае, але прасунуцца не здолелі. Баі працягваюцца, але сітуацыя застаецца кантраляванай для Сілаў абароны краіны.
Між тым у Міністэрстве абароны РФ заявілі, што іхныя вайскоўцы захапілі Стэпавую Навасёлаўку.
Канал «Два майора» піша, што ў гэты ж час ЗСУ атакуюць на так званым торскім выступе (на левым беразе ракі Жарабец) і на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва, паступова займаючы шэрую зону ў лясах.
З поўдня ад ракі Сівэрскі Данец захоўваецца ціск Узброеных сілаў РФ па лініі населеных пунктаў Спірнае, Верхнякаменскае і Выемка.
Прарасейскія крыніцы паведамляюць пра баі за самое Спірнае, што зняпраўджвае ранейшую заяву Мінабароны РФ пра поўны кантроль над ім.
На суседнім краматорскім кірункі наступ расейцаў па-ранейшаму лакалізуецца ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр і ў ягоных ваколіцах. Пегаў сцвярджае, што войскі РФ маюць тактычныя поспехі ў самім населеным пункце, акрамя гэтага яны прасунуліся на паўночным фланзе з боку сяла Калінаўка.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што ніжэй па фронце УС РФ атакуюць у ваколіцах Клішчыеўка (з поўдня ад гораду Бахмут), але пакуль Збройным сілам удаецца ўтрымліваць пазіцыі.
На тарэцкім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць на ўсходзе ад аднайменнага гораду, а таксама ў ваколіцах прылеглых да яго населеных пунктаў Паўночнае і Паўднёвае.
Прарасейскія крыніцы пішуць, што ў Паўночным ужо ідуць баі, пры гэтым адзначаецца, што войскам РФ удалося незаўважна дабрацца да населенага пункту і зайсці ў тыл ЗСУ, прасунуўшыся адлегласць больш за тры кіламетры па тунэлі каналу Сівэрскі Данец – Данбас.
На пакроўскім кірунку ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія наступаюць шырокім фронтам з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.
Тут, паводле Генштабу ЗСУ, толькі за апошнія дні сілы абароны краіны адбілі больш за чатыры дзясяткі атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Новааляксандраўка, Ваздвыжанка, Яўгенаўка, Прагрэс, Навасёлаўка Першая і Сокал.
Праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» паведамляе, што на паўночным фланзе расейцы ў першую чаргу па-ранейшаму намагаюцца прабіцца да трасы Пакроўск – Канстанцінаўка, але пакуль Збройным сілам удаецца стрымліваць праціўніка.
Між тым канал «Два майора» фіксуе рух УС РФ каля Новааляксандраўкі, Сокалу і ў Яўгенаўцы.
Іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «НгП раZVедка» – сцвярджае, што ніжэй па фронце войскі РФ выбілі праціўніка з сяла Яснабродаўка, пасля чаго ЗСУ адышлі да ракі Воўча ў ваколіцах Карлаўскага вадасховішча.
На курахаўскім кірунку, паводле Пегава, працягваюцца баі ў Краснагораўцы, акрамя гэтага расейцы ўзнавілі штурмавыя дзеянні каля сёлаў Канстанцінаўка і Парасковіеўка – паўсюль Узброеныя сілы РФ крыху прасунуліся за апошнія содні.
Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што каля Канстанцінаўкі і Парасковіеўкі ЗСУ ўдалося спыніць праціўніка і адкінуць на ранейшыя пазіцыі. Пры гэтым адзначаецца, што сітуацыя на гэтых участках фронту застаецца складанай для Сілаў абароны праз пастаянны ціск з боку расейцаў.
У Запарожскай вобласці сітуацыя застаецца адносна стабільнай: асноўныя баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце ў ваколіцах гораду Арэхаў, але пакуль ніводны з бакоў не мода дасягнуць істотных поспехаў.
У Херсонскай вобласці працягваюцца баі за астраўную зону ў рэчышчы Дняпра, але зменаў лініі сутыкнення таксама не фіксуецца.
На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.
Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.
Наталля Кулыгіна belsat.eu