У Менску пачалі судзіць міліцыянта і следчага са Слуцка. Паводле абвінавачвання, іх бяздзейнасць і нядбайнасць спрыялі магчымасці працяглага катавання трохгадовага Сямёна Таратуты, якога забілі бацькі.
Судзяць начальніка ІСН Слуцкага РАУС Аляксандра Дзядка і Следчага Слуцкага РАСК Арцёма Главінскага. Першага абвінавачваюць у бяздзейнасці службовай асобы, а другога ў службовай нядбайнасці. Абодва віну адмаўляюць.
19 кастрычніка 2023 года вынеслі прысуд Аляксандру і Анастасіі Таратута са Слуцка, якія катавалі, а пасля забілі свайго трохгадовага сына Сямёна. Іх судзілі па артыкулах «Наўмыснае прычыненне болю і збіццё непаўналетняга» і «Забойства малалетняга з асаблівай жорсткасцю».
Аляксандру прысудзілі смяротнае пакаранне (расстрэл), а Анастасіі – 25 гадоў калоніі ва ўмовах строгага рэжыму. Іх апеляцыйныя скаргі пакінулі без задавальнення.
Па дадзеных следства, яны рэгулярна здзекаваліся над дзіцем і білі яго, прымушалі спаць голым на падлозе на кухні, білі тапкай па вуснах, апускалі галавой у вядро з вадой.
Таксама вядома, што бацькі моцна збілі хлопчыка, калі яму было 8 месяцаў, пасля чаго ён трапіў у рэанімацыю. Дзіцяця дрэнна кармілі і дражнілі галоднага ежай, не вадзілі на прагулкі, хоць надавалі ўвагу іншым дзецям.
Арсен Рудэнка belsat.eu