Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі за 1 жніўня

«Белсат» распавядае пра рэпрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, што чыняцца супраць беларускага народу, за 1 жніўня.

У судзе Менскага раёну 1 жніўня працягваецца пасяджэнне па справе «аб змове з мэтай захопу ўлады» у дачыненні да пяці чалавек: Рыгора Кастусёва, Аляксандра Фядуты, Юрыя Зянковіча, Вольгі Галубовіч і Дзяніса Краўчука. Пасля абвяшчэння абвінавачанняў першым дапыталі лідара партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Ён заявіў, што на этапе следства на яго аказваўся ціск. Кастусёў не прызнаў віну ні па ніводным з пунктаў абвінавачання.

Міколу Аўтуховіча трэці дзень запар не прывялі на судовае паседжанне. У якім стане зняволены ваўкавыскі прадпрымальнік, невядома. Ён трымае сухую галадоўку ўжо 22 дні запар.

Па «справе Зельцара» за каментар пра забітага супрацоўніка КДБ жыхара Бярозы асудзілі на 1,5 года калоніі. 28 ліпеня суд Бярозаўскага раёну вынес рашэнне па справе Віктара Хлябца, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»).

Таксама палітвязня Віталя Іванюковіча, затрыманага па «справе Зельцара», асудзілі да двух гадоў калоніі за «дыскрэдытацыю Беларусі». Спачатку яго абвінавачвалі ў абразе міліцыянта і распальванні варожасці, але потым справу перакваліфікавалі на арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Беларусі»).

Для «рэйкавых партызанаў» запрасілі да 17 гадоў пазбаўлення волі

За адно фота расейскай вайсковай тэхнікі 30-гадоваму IT-спецыялісту Андрэю Уткіну прысудзілі два гады калоніі. Яго абвінавачвалі ў перадачы фота перамяшчэння расейскай тэхнікі тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн», паводле ч. 1 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).

Палітзняволеную 65-гадовую актывістку Алену Гнаўк адміністрацыя баранавіцкага СІЗА ўжо амаль паўтара месяца ўтрымлівае ў карцары, паведамляць сваякі. Прычыны не паведамляюцца.

Маці пяцярых дзяцей з Горадні, якая галасавала за Лукашэнку, асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту. Палітзняволеную Іну Шырокую абвінавацілі ў здзяйсненні злачынства паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). На мінулых выбарах яна галасавала за Лукашэнку, аднак калі ўвечары пасля абвяшчэння іх вынікаў АМАП затрымаў і збіў ейнага 18-гадовага сына Мікіту, усё змянілася. Пасля заявы ў міліцыю з нагоды нападу на сына, якая не дала ніякіх вынікаў, Іна разам з астатнімі беларусамі пачала хадзіць на акцыі пратэсту.

Стваральніку «Прыёрбанку» Сяргею Касцючэнку прысудзілі 3,5 года калоніі

Сетка гомельскіх суполак «Флагшток» прызнаная «экстрэмісцкай». Гэта: тэлеграм-група «Флагшток_чат»; тэлеграм-канал «Флагшток»; старонка ва «Укантакце» «Гомельский флагшток»; старонка ў «Аднакласніках» «Гомельский флагшток»; старонка ў Facebook «Гомельскі флагшток».

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны