Маскву зноў атакавалі беспілотнікамі, адзін трапіў у бізнес-цэнтр «Масква-Сіці»

У ноч на 1 жніўня расейскую сталіцу зноў атакавалі беспілотнікі. Некалькі дронаў пры спробе пралёта былі збітыя сродкамі СПА, аднак адзін даляцеў да таго ж будынку бізнес-цэнтру «Масква-Сіці», што і мінулы раз, паведаміў мэр гораду Сяргей Сабянін. Атаку беспілотнікаў пацвердзілі ў Мінабароны.

Беспілотнік трапіў у бізнес-цэнтр «Масква-Сіці» 1 жніўня 2023 года. Крыніца: astrapress / Telegram

«Некалькі беспілотнікаў пры спробе пралёта ў Маскву былі збітыя сродкамі СПА. Адзін даляцеў да той жа вежы ў Сіці, што і мінулым разам. Пашкоджаны фасад на ўзроўні 21 паверха. Інфармацыі аб пацярпелых няма», – напісаў мэр сталіцы Сяргей Сабянін.

З ягоных словаў, у выніку атакі на плошчы 150 кв. м разбіта шкло будынку. На месцы працуюць экстраныя службы. Тэрыторыю каля атакаванай вежы ачапілі, абломкі беспілотніка, які трапіў у вежу, накіраваныя на выбухова-тэхнічную экспертызу.

Адзначаецца, што на 21 паверсе вежы будынку, які атакаваў беспілотнік, размяшчаецца Міністэрства эканамічнага развіцця РФ.

Папярэдне, пацярпелых у выніку атакі няма.

Міністэрства абароны РФ пацвердзіла атаку беспілотнікаў. У ведамстве сцвярджаюць, што ўсяго было тры БПЛА: два беспілотнікі знішчаныя сродкамі СПА над тэрыторыяй Адзінцоўскага і Нарафамінскага раёнаў Маскоўскай вобласці, а яшчэ адзін пад уплывам сродкаў радыёэлектроннай барацьбы ўпаў на тэрыторыю комплексу нежылых будынкаў «Масква-Сіці».

Праз атаку беспілотнікаў часова прыпыняў працу аэрапорт «Унукава», самалёты перанакіроўвалі ў іншыя аэрапорты. Цяпер «Унукава» працуе ў звычайным рэжыме.

У ноч на 30 ліпеня беспілотнікі атакавалі дзве вежы комплексу «Масква-Сіці» і пашкодзілі фасады будынкаў. У экстраных службах паведамілі аб адным пацярпелым. Выбуховаю хваляй выбіла шкло ў будынку: у прыватнасці, па вуліцы разляцеліся дакументы Міністэрства лічбавага развіцця, якое месціцца ў вежы «IQ-квартал».

Расейскія эксперты: Спробы атак на Маскву будуць працягвацца

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны