Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 1 верасня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 1 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: Leo Correa/AР

З моманту поўнамаштабнага ўварвання расейскага войска ва Украіну пайшоў 190-ы дзень. Паводле звестак Генеральнага штабу ЗСУ, за гэты час страты акупантаў дасягнулі 48 350 чалавек забітымі.

Агулам сітуацыя на ўкраінскіх франтах істотна адрозніваецца ў залежнасці ад кірунку.

На валынскім і палескім кірунках цягам апошніх содняў сітуацыя не мянялася. Па-ранейшаму захоўваецца пагроза нанясення авіяцыйных і ракетных удараў з тэрыторыі Беларусі.

На суседнім сіверскім кірунку расейцы адзначыліся абстрэламі ваколіцаў населеных пунктаў Камянская Слабада і Залізны Міст Чарнігаўскай вобласці.

На харкаўскім кірунку расейскія абстрэлы былі больш шчыльныя: удары прыйшліся па ваколіцах населеных пунктаў Дэмэнціеўка, Клынава, Рускія Цішкі, Вялікія Прыходы, Пятроўка, Пэрэмога, Байрак і Шэвэлеўка.

Вялікае наступленне ці выведка боем? Што вядома пра аперацыю ЗСУ на поўдні

На славянскім кірунку расейцы таксама засяродзіліся на абстрэлах украінскіх пазіцыяў: удары варожай артылерыі прыйшліся па ваколіцах населеных пунктаў Краснаполле, Вірнаполле і Грушуваха.

Падобная сітуацыя назіралася і на краматорскім кірунку. Там праціўнік нанёс артылерыйскія ўдары па тэрыторыях каля населеных пунктаў Райгарадок, Бераставое, Раздолаўка, Тацянаўка, Малая Піскуноўка, Верхнякаменскае, Івана-Дар’еўка і Сіверск.

Ужо на бахмуцкім кірунку акупанты спрабавалі наступаць: расейскія атакі на Вясёлую Даліну і Зайцава былі адбітыя ўкраінскімі сіламі. Удары варожай артылерыі на гэтым кірунку прыйшліся на ваколіцы Бахмуцкага, Салядару, Якаўлеўкі, Маёрску і Дыліеўкі.

На аўдзееўскім кірунку расейцы ўдарылі з танкаў і артылерыі па ваколіцах Вопытнага, Первамайскага і Нью-Ёрку, авіяцыяй – па Урэмаўцы, Няскучным і Александропалі.

Пры гэтым былы міністр абароны «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) у сваім тэлеграм-канале паведамляе, што ўкраінскія сілы вызвалілі частку населенага пункту Навасёлаўка.

Актыўнымі наступальнымі дзеяннямі акупанты адзначыліся і на навапаўлаўскім кірунку, але іхная атака на Вадзяное поспеху не мела. Таксама расейцы абстралялі ваколіцы населенага пункту Залатая Ніва і нанеслі авіяцыйны ўдар па тэрыторыі каля Мар’інкі.

На запарожскім кірунку расейцы абстрэльвалі пазіцыі ЗСУ каля населеных пунктаў Новапаль, Альгоўскае, Гуляйполе, Новаданілаўка, Наваякаўлеўка, Даражнянка, Зялёнае Поле, Чароўнае і Белагор’е.

Місія МАГАТЭ прыбыла на Запарожскую АЭС

Разам з тым акупанты абстрэльвалі узгоднены маршрут, па якім місія МАгАтЭ дабіралася на Запарожскую АЭС. Пра гэта паведаміў кіраўнік Запарожскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандр Старух. У сваю чаргу мэр Энергадару Дзмітрый Арлоў паведамляе, што з 5:00 горад бесперапынна зазнае мінамётныя абстрэлы. Ёсць траплянні ў дамы і цывільныя аб’екты. У самім «Енергоатоме» паведамілі, што ў выніку чарговага мінамётнага абстрэлу расейскімі войскамі пляцоўкі Запарожскай АЭС спрацавала аварыйная абарона і адлучыўся 5-ы энергаблок.

Пры гэтым у Міністэрстве абароны Расеі заяўляюць, што дэсантнікі ЗСУ намагаліся з дапамогаю баржаў высадзіцца каля ЗАЭС, але былі патопленыя. Таксама, са словаў расейскага бок, перад гэты на ўзбярэжжы Кахоўскага вадасховішча высадзіліся дзве дыверсійныя групы, цяпер у зоне высадкі ідзе бой.

Удзень 1 верасня Місія МАГАТЭ ўсё ж прыбыла на Запарожскую АЭС.

На паўднёвабужскім кірунку праціўнік засяродзіўся на ўтрыманні раней занятых пазіцыяў, а таксама абстраляў ваколіцы населеных пунктаў Стэпавая Даліна, Новамікалаеўка, Стэпавое, Партызанскае, Андрэеўка, Мірнае, Прыбужскае, Мікалаеўка, Зара, Луч, Іванаўка і князеўка.

Тым часам Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны звярнулася да жыхароў анексаванага Крыму з просьбай паведамляць пра месцы размяшчэння акупацыйных войскаў і тэхнікі, маршруты іх перамяшчэння, месцы пражывання каманднага складу расейцаў, месцы жыхарства калабарантаў і пасобнікаў акупацыйнай улады.

Між тым выданне The Insider атрымала дакументы, якія сведчаць пра тое, што Крэмль пачаў рыхтаваць на акупаваных тэрыторыях Украіны рэферэндум аб іх далучэнні да Расеі. Рэферэндум рыхтуюць не толькі ў так званых ЛДНР, але і на захопленых тэрыторыях пасля 24 лютага. Адзначаецца, што ў Крамлі ўжо прынятае рашэнне аб далучэнні да тэрыторыі Расеі ўсіх акупаваных украінскіх тэрыторыяў.

BK belsat.eu 

Падпісвайся на telegram Белсату