Першы тыдзень кастрычніка будзе добры. Як паведамляе тэлеграм-канал @nadvorie, ён будзе на 1–3 °С цяплейшы і сушэйшы за норму.
Паводле «Белгідрамет», 2 кастрычніка ў Беларусі чакаецца пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах – слабы туман. Вецер слабы да ўмеранага. Тэмпература паветра мінімальная ўначы – 4–10 °С цяпла, максімальная ўдзень – плюс 15–21 °С.
3 кастрычніка ўначы месцамі па краіне, а ўдзень у паўночных раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай у асобных раёнах – слабы туман. Вецер умераны, удзень парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы – ад +3 °С на паўднёвым усходзе да +14 °С на захадзе, удзень – ад +17 °С у паўночна-ўсходніх раёнах да + 26 °С у паўднёва-заходніх.
4 кастрычніка чакаецца воблачна з праясненнямі. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, у асобных раёнах магчымыя навальніцы. Вецер парывісты, месцамі моцны парывісты. Тэмпература паветра ўначы – плюс 9–16 °С, удзень – ад 14°С цяпла на паўночным захадзе да 22 °С цяпла на паўднёвым усходзе Беларусі.
Намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэй Рамашка, кажучы пра ўлучэнне ацяплення ў Беларусі, нагадаў пра чарговасць гэтых дзеянняў, піша БелТА. Першая чарга – сацыяльныя аб’екты (установы аховы здароўя і адукацыі), другая – жытло, трэцяя – вытворчыя будынкі ды абʼекты.
Ацяпленне ў дзіцячых садах, школах, аб’ектах аховы здароўя і большасці абʼектаў сацыяльнага забеспячэння ўлучаецца пры сярэдняй тэмпературы за дзень, якая ўсталявалася на пяць дзён, плюс 10 °С і ніжэй. У жылых дамах, інтэрнатах, іншых установах адукацыі, тэатрах ды іншых улучэнне ажыццяўляецца пры сярэдняй за дзень тэмпературы на працягу пяці дзён плюс 8 °С і ніжэй. Астатнія адміністрацыйныя, прамысловыя ды іншыя арганізацыі далучацца пасля поўнага ўлучэння ацяплення ўва ўсіх жылых дамах.
Рашэнні пра тэрміны пачатку ацяпляльнага сезону прымаюць абласныя, раённыя і гарадскія выканкамы на падставе звестак пра сярэднія за дзень тэмпературы ў вобласцях, а таксама прагнозаў «Белгідрамету».
Якуб Хруст belsat.eu