У Расеі 12 беларусаў захварэлі на менінгіт

У Падмаскоўі 12 грамадзянаў Беларусі захварэлі на менінгіт. Успышку інфекцыі зафіксавалі на адным з прадпрыемстваў у гарадской акрузе Істра, паведамляе пасольства Беларусі ў Расеі.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

На адным з прадпрыемстваў у гарадской акрузе Істра, што ў Падмаскоўі, лекары зафіксавалі ўспышку менінгіту. Інфікаваныя ў тым ліку і 12 грамадзянаў Беларусі.

Паведамляецца, што беларусаў шпіталізавалі. У дваіх дыягназ не пацвердзіўся, 8 знаходзяцца ў стане сярэдняй цяжкасці, адзін – у цяжкім стане. Па непацверджанай пакуль афіцыйна інфармацыі, адзін са шпіталізаваных беларусаў памёр 30 лістапада.

Менінгіт з’яўляецца інфекцыйным захворваннем. Перадаецца інфекцыя праз кашаль, чханне, размовы ў працэсе зносінаў, пры пацалунках. Узнікае менінгіт і пры інфекцыйных захворваннях, якія перадаюцца кляшчамі (энцэфаліты) і камарамі. Інфекцыя выклікае запаленне абалонак мозгу.

Чаму антыбіётыкі забіваюць людзей?

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны