У Бруселі, дзе знаходзяцца кіроўныя органы Еўразвяза, афіцыйна запрацавала прадстаўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі. У яго адкрыцці 1 сакавіка ўзяла ўдзел абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.
«Новы дом для беларусаў у сэрцы Еўропы зблізіць нас, дапаможа нам будаваць альянсы і кааліцыі і зробіць голас Беларусі пачутым», – пракаментавала Ціханоўская адкрыццё місіі.
Прадстаўніком дэмсілаў у Бруселі стаў Уладзімір Астапенка, які да 2020 года на падставе сумяшчальніцтва ўзначальваў дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі ў Аргентыне, Уругваі, Перу і Парагваі.
Proud to open the Mission of Democratic Belarus in #Brussels headed by Vladzimir Astapenka. The new home for Belarusians in Europe's heart will bring us closer together, help us to build alliances & coalitions & make the voice of Belarus heard. What a historic day for all of us! pic.twitter.com/Q96z6oEaBU
— Sviatlana Tsikhanouskaya (@Tsihanouskaya) March 1, 2023
Таксама Ціханоўская правяла сустрэчу з віцэ-прэзідэнтам Еўрапейскай камісіі Маргарытысам Схінасам, з якім абмеркавала дапамогу беларусам, якім давялося з’ехаць з-за вайны і рэпрэсіяў. Бакі размаўлялі пра спрашчэнне парадку надання прытулку і ўмовы эміграцыі, а таксама выдачу беларусам пашпартоў новай Беларусі, якія маглі б часова вырашыць праблемы бежанцаў.
Ціханоўская папрасіла Схінаса садзейнічаць удзелу беларускіх дэмакратычных сілаў у міжнародных форумах і падзеях і заклікала адрозніваць беларусаў ад рэжыму і аказваць ім візавую падтрымку. Яна таксама зазначыла, што важна падтрымліваць мабільнасць беларусаў, сувязі паміж беларусамі і еўрапейцамі, а таксама паміж Беларуссю і Еўропай.
Якуб Хруст belsat.eu