Нейрасетка дапамагла перакласці на беларускую мову найлепшую гульню 2023 года… за два дні

Беларус пад нікнэймам Zmiecer апублікаваў 1 сакавіка поўны пераклад тэкстаў відэагульні «Baldur’s Gate 3» на беларускую мову. Ён расказаў «Белсату», як і навошта зрабіў пераклад з ужываннем нейрасеткі – і чаму гэты пераклад не ідэальны, але дастаткова добры.

Скрыншот відэагульні «Baldur’s Gate 3» у перакладзе на беларускую. Скрыншот: Zmiecer / X

Што за гульня

«Baldur’s Gate 3» («Брама Балдура 3») – відэагульня для камп’ютараў і гульнявых кансоляў бельгійскай «Larian Studios», якая выйшла ў 2023 годзе. Гэта ролевая гульня з пакрокавымі баямі паводле сістэмы «Dungeons & Dragons» (створанай яшчэ ў 1970-х для настольных гульняў) і ў ейным свеце «Забытых каралеўстваў».

Гулец выбірае свайму герою ці гераіні расу (можа быць чалавекам, эльфам, гномам, нашчадкам цмока, астральным чалавека-яшчарам і гэтак далей) і клас (ваяр, чараўнік, бард і шмат іншых). Герой прачынаецца ў палоне пажыральнікаў розуму, заражаны іхным паразітам, але ўцякае ад іх. Спрабуе пазбавіцца ад паразіту – а выкрывае культ, які хоча падпарадкаваць сабе цэлы свет.

Трэйлер на ангельскай мове:

«Baldurʼs Gate 3» заваявала шмат тытулаў «Гульня года» на прэміях накшталт «Golden Joystick Awards», «The Game Awards», «D.I.C.E. Awards». Паводле агрэгатару «Metacritic», аглядальнікі ў сярэднім ацанілі гульню ў 96 балаў са 100. хвалілі шмат за што: захапляльны і разгалінаваны сюжэт, магчымасць вырашыць задачы самымі рознымі спосабамі, цікавыя баі, прыгожыя лакацыі і добрую графіку, кінематаграфічнасць, яскравых і выдатна анімаваных персанажаў, якасную агучку і цудоўныя дыялогі.

Гульня была цалкам агучаная толькі на ангельскай мове. Афіцыйны пераклад інтэрфейсу і субтытраў ёсць на яшчэ 14 моваў, у ліку якіх расейская, польская і ўкраінская. Пераклад на беларускую, які зрабіў Zmiecer, не мяняе арыгінальнай ангельскай агучкі, але робіць беларускімі інтэрфейс і субтытры. Спампаваць яго можна з «Nexus Mods» або «Google Drive».

Такіх перакладаў яшчэ не рабілі

«Baldurʼs Gate 3», кажа Zmiecer, гэта вялікая і высокабюджэтная гульня, якая запусціцца толькі на моцных камп’ютарах ці новых кансолях – і яму проста стала цікава, ці можна перакласці менавіта такую гульню з дапамогай нейрасетак. Маўляў, раз такога няма, давайце паспрабуем.

Пераклады гульняў, праграмаў і аперацыйных сістэмаў на беларускую з’яўляюцца, хоць і не часта, перакладаюць і вялікія гульні. Ён сам раней дапамагаў зрабіць пераклад «The Elder Scrolls V: Skyrim» – іншай высокабюджэтнай ролевай відэагульні. Але нешта такое маштабнае яшчэ не перакладалі на беларускую з дапамогай нейрасетак.

Пераклад «Skyrim», згадвае Zmiecer, збольшага рабіў іншы чалавек, які адзін перакладаў гульню некалькі гадоў. Zmiecer і яшчэ некалькі чалавек падключыліся на познім этапе, каб дапамагчы пераправерыць пераклад. І Zmiecer падкрэслівае, што ён не перакладчык – хіба энтузіяст, аматар.

Скрыншот відэагульні «Baldur’s Gate 3» у перакладзе на беларускую. Скрыншот: Zmiecer / X

«А „Baldurʼs Gate 3“ – проста мне хацелася паспрабаваць нешта перакласці, – кажа Zmiecer. – Я адкрыў файлы з тэкстам, паглядзеў на іх. Спачатку паспрабаваў перакласці троху, паглядзець, як выглядае беларуская. Дзякуй „Larian Studios“, стваральнікам гульні, што літара Ў кароткая падтрымліваецца ў шрыфтах!»

«Паспрабаваў перакласці – зразумеў, што там 230 тысяч радкоў! Хтосьці казаў, што гэта ледзь не больш, чым ва ўсіх разам „Гары Потэрах“. Я не лічыў, не ведаю, але чуў такую думку. Але гэта шмат, гэта мне 10 тысяч гадзін сядзець, гэта гады працы аднаму чалавеку».

Сапраўды, гульня вельмі доўгая: на поўнае праходжанне сыдзе каля 100 гадзінаў, а то і ўсе 200, калі даследаваць кожны закуток. І яна мае вельмі шмат размоваў (толькі кінематаграфічных сцэнаў у ёй на 174 гадзіны – гэта як тры серыялы «Гульня тронаў»).

У супольнасці гульцоў, расказвае Zmiecer, ужо былі думкі зрабіць машынны пераклад на беларускую – як 20-30 гадоў таму перакладалі на расейскую пірацкія гульні. Гэтыя пераклады мелі шмат памылак і нарадзілі нямала мэмаў. Напрыклад, калі слова «wasted» там, дзе яно значыла смерць персанажа, было перакладзенае як «потрачено», хоць па сэнсе мусіла б быць нешта кшталту «завалили». Але з тых часоў тэхналогіі пайшлі наперад.

Папрасілі нейрасетку напісаць прамову за Лукашэнку. Яна адмовілася, але прапанавала нешта цікавейшае

Калі раней аўтаматычныя перакладчыкі рабілі пераклад па адным слове, то цяпер навучыліся «асэнсавана» перакладаць цэлыя фразы, а нейрасеткі могуць яшчэ і «разумець» вялікі кантэкст з суседніх сказаў. І нейрасеткі перакладаюць не паводле правілаў «A на мове X гэта B на мове Y», а быццам бы «разумеюць» фразу на адной мове і выдаюць фразу на другой так, як пішуць на гэтай другой мове ў тэкстах, на якіх нейрасетка вучылася.

«Вядома, трэба было напісаць шмат алгарытмаў, дэкадаваць, аўтаматызаваць, – згадвае Zmiecer. – Першы пераклад быў гатовы літаральна праз два вечары. То бок, я два вечары патраціў, і ў мяне атрымалася штосьці, ува што можна гуляць».

Здольнасці нейрасетак у перакладзе можа праверыць любы ахвочы: напрыклад, можна запампаваць дакумент у «Google Translate», у перакладзе будуць ужытыя нейрасеткі. Таксама ўмеюць рабіць пераклады з дапамогай нейрасетак «ChatGPT», «Microsoft Copilot» і іншыя, нават расейскі «Яндэкс».

Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцай кампаніі, якая распрацавала «ChatGPT»

Якім атрымаўся пераклад

Пераклад выйшаў, вядома, далёка не ідэальны, заўважныя памылкі. Ды гэта не бяссэнсоўны набор словаў, а хай кепская, але беларуская мова.

Выглядае гэта так:

З перакладу, які атрымаўся, сам стваральнік жартуе: малюе вокладку гульні ў стылі тых самых пірацкіх перакладаў 1990-х гадоў, сваю «студыю перакладаў» называе «Трасянкус».

Стваральнік перакладу «Baldur’s Gate 3» на беларускую жартуе з якасці перакладу. Скрыншот: Zmiecer / X

У самай першай версіі шмат што проста не пераклалася – замест спецыфічных для гульні тэрмінаў і імёнаў дык была поўная лухта, расказвае Zmiecer. Напрыклад, нейрасеткі зусім не зразумелі, як перакласці скарот «STR», які значыў «strenght», фізічную моц, і проста пакінулі «СТР». Былі частыя праблемы з дзеепрыметнікамі: напрыклад, «piercing weapon» пераклалася не як «колючая зброя», а як «зброя, якая коле».

Хоць большасць сказаў была ўсё ж перакладзеная дастаткова добра, над перакладам яшчэ «працаваць і працаваць», прызнае Zmiecer. Ахвочых дапамагчы ён заклікае пісаць на пошту trasiankus@gmail.com, але просіць не паведамляць асобна пра кожную дробную памылку ці апіску.

Але ж «Baldurʼs Gate 3» – тая гульня, дзе вельмі важна разумець, што робіш і кажаш: за няправільнае слова там могуць зарэзаць ці спаліць, а ад адной размовы можа залежыць лёс віртуальнага свету. Наколькі нейрасеткі карысныя ў такім перакладзе?

«Я скажу так: пакуль я даваў тэставаць іншым беларусам, усе казалі, што ўсё зразумела, – адказвае стваральнік перакладу. – Глабальна калі я чытаю дыялогі, я паралельна слухаю, што персанажы кажуць на ангельскай, і яно супадае ў прынцыпе».

Увогуле ў нейрасеткавага перакладу хутчэй праблемы з кароткімі словамі ці выразамі, чым з вялікімі сказамі, адзначае Zmiecer. Таму ў перакладзеных размовах цяжка памыліцца і сказаць не тое, што хацеў.

У перакладах нішто не заменіць ручной працы вялікай каманды, рэзюмуе Zmiecer. Нейрасеткі і праграмы для перакладу пакуль не разумеюць увесь кантэкст гульні. Але працу паскараюць.

«Некаторыя людзі пішуць, што лепш рукамі, – дадае ён. – Вядома, лепш рукамі, я згодны! Ці пытаюць, навошта гэта патрэбна. Ну… проста захацелася! Мне дужа хочацца, каб у беларусаў была магчымасць неяк гуляць. Нават проста паглядзець на гэта, падумаць, якая гэта жэсць, і пайсці вучыць ангельскую».

Як Офіс Ціханоўскай пераконвае «Google» і «Facebook» падтрымаць беларусаў. Расказвае Вячорка

Чаму самі стваральнікі гульняў не перакладаюць іх на беларускую

Звычайна, тлумачыць Zmiecer, гульні перакладаюць на кароткі спіс моваў, прыблізна ад 8 да 11, і апошнім часам са спісу знікае нават расейская. Распрацоўнікі ці выдаўцы вырашаюць, на якія мовы перакладаць, па тым, наколькі багаты рынак карыстальнікаў гэтых моваў. Беларускі рынак не вялікі – асабліва зараз, калі шмат кампаніяў сышлі з яго або не атрымліваюць грошы з яго.

Скрыншот відэагульні «Baldur’s Gate 3» у перакладзе на беларускую. Скрыншот: Zmiecer / X

Не з эканамічных, а з ідэйных меркаванняў некаторыя беларускія кампаніі перакладаюць свае гульні на беларускую мову. Так, для гульні «World of Tanks» спачатку з’явіўся фанацкі пераклад, а потым і афіцыйны. На беларускую перакладаюць не толькі гульні, а і праграмы, і цэлыя аперацыйныя сістэмы. Але, кажа Zmiecer, гэта не прыносіць прыбытку кампаніям, а калі такое і робяць, то найчасцей толькі таму, што «яны беларусы – значыць, перакладаюць на беларускую».

Ён лічыць, што відэагульні перакладаць варта: калі камусьці падаецца, што «гульні гэта несур’ёзна», дык так жа можна сказаць і пра серыялы, і пра кнігі. Відэагульні сталі не менш значнай часткай культуры.

«Каб выходзілі гульні па-беларуску, трэба, каб была нейкая дзяржаўная праграма фінансавання ці нейкая вялікая грантавая праграма», – разважае Zmiecer.

Ён нагадвае: «Baldurʼs Gate 3» – гэта 230 тысяч радкоў тэксту, якія трэба не толькі перакласці, але праверыць і адкарэктаваць, прасачыць за паслядоўным перакладам імёнаў і азначэнняў, некалькі разоў прайсці перакладзеную гульню.

Калі пераклады кніг яшчэ могуць быць камерцыйнымі праектамі, з гульнямі вельмі цяжка акупіць пераклад, лічыць Zmiecer. Ды пакуль няма дастатковай колькасці перакладаў відэагульняў, нельга і ацаніць, які на іх будзе попыт.

Сеткавы мовацыд. Чаму IT-кампаніі не любяць беларускай мовы?

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны