Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 2 красавіка

«Белсат» падводзіць вынікі 403-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 2 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія танкі на дарозе недалёка ад Бахмуту. Данецкая вобласць, Украіна. 16 лістапада 2022 года. Фота: Белсат

Цягам апошніх содняў сітуацыя на валынскім, палескім, сіверскім і слабажанскім кірунках (украінска-беларускае і украінска-расейскае памежжа) заставалася нязменнай.

Пры гэтым войскі РФ здзейснілі абстрэлы ваколіцаў асобных населеных пунктаў у Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай вобласцях.

Падобная сітуацыя назіралася і на купянскім кірунку – паўночны ўсход Харкаўшчыны. Генеральны штаб Збройных сілаў не паведамляе пра наземныя аперацыі праціўніка, пры гэтым фіксуе ўдары артылерыі па дзевяці населеных пунктах.

На суседнім ліманскім кірунку – заходняя частка Луганскай і поўнач Данецкай вобласці – Узброеныя сілы РФ праводзілі наступальныя дзеянні на поўдні ад Крэмінной, каля Верхнякаменскага, Белагораўкі, Торскага, Цернаў і Макееўкі. Паўсюль не мелі поспеху.

Між тым тэлеграм-канал «Иди и смотри» паведамляе пра буйныя эшалоны з тэхнікай ЗСУ ў Харкаве і вобласці, якія рухаюцца ў бок Лугагскай вобласці. На думку крыніцы, ўкраінскі бок рыхтуе ўдар у бок гораду Сватава.

На бахмуцкім кірунку ў Данецкай вобласці расейцы атакуюць каля Багданаўкі, Прэдтэчына і Іванаўскага.

У самім Бахмуце асноўныя намаганні войскаў РФ скіраваныя на цэнтр, поўдзень і поўнач.

Паводле праекту Deepstate, расейцы захапілі Макееўскі завод металакантрукцыяў на поўначы гораду. Імаверна, ЗСУ пры адступленні ўзарвалі чыгуначны мост.

Амбасадар Украіны: Беларусь страціла магчымасць прэтэндаваць на ролю пасярэдніка

На поўдні праціўнік намагаецца пашырыць плацдарм на вуліцы Цэнтральнай. Таксама баі ідуць і ў цэнтры гораду.

Па інфармацыі ўкраінскага камандавання, за содні сілы абароны адбілі 25 атак праціўніка ў Бахмуце.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі характарызуюцца працягам баёў у ваколіцах аднайменных гарадоў. За содні на іх прыйшлося больш за 20 атак расейцаў.

Між тым Deepstate сцвярджае, што зменаў на гэтых кірунках не адбылося.

Лінія фронту ў Запарожскай, Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях застаецца нязменнай.

Агулам за апошнія содні на ўсходзе краіны сілы абароны адбілі больш за 70 атак праціўніка.

Генштаб ЗСУ паведамляе, што акрамя наземных аперацыяў расейцы нанеслі 2 ракетныя і 30 авіяцыйных удараў, а таксама здзейснілі 40 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню пазіцыяў ЗСУ і цывільнай інфраструктуры.

Між тым агульныя беззваротныя страты расейцаў, паводле ўкраінскага камандавання, павялічыліся на 560 чалавек і дасягнулі 174 550 вайскоўцаў.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

З пачатку вайны ва Украіне загінулі 467 дзяцей

ТМ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату