Расейцы набліжаюцца да гораду Часаў Яр. Што вядома?

«Белсат» падводзіць вынікі 769-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 2 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Times of Ukraine / Telegram

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў расейцы наступалі ў ваколіцах населеных пунктаў Церны, Івана-Дар’еўка і Спірнае на поўначы Данецкай вобласці, а таксама каля Белагораўкі на Луганшчыне, але поспеху не дасягнулі. Пры гэтым адзначаецца, што асноўныя намаганні па-ранейшаму засяроджаныя каля Цернаў (так званы торскі выступ), дзе за содні сілы абароны Украіны адбілі не менш за 9 атак праціўніка.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што войскі РФ занялі тры апорныя пункты на вышыні каля Белагораўкі.

Міністэрства абароны РФ фіксуе атакі ўкраінцаў пад Цернамі, што ўказвае на сустрэчны характар баёў.

Яшчэ адзін канал прарасейскі тэлеграм-канал – «Рыбарь» – піша, што таксама Збройныя сілы Украіны перакідаюць дадатковыя падраздзяленні ў населеныя пункты Баравая і Ізюм у Харкаўскай вобласці, рыхтуючыся да магчымага адыходу сваіх войскаў за раку Жарабец.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку Узброеныя сілы РФ наступаюць у ваколіцах населеных пунктаў Багданаўка, Часаў Яр, Іванаўскае і Клішчыеўка, якія знаходзяцца на захадзе і поўдні ад самога Бахмуту.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што на ўчастку паміж сёламі Багданаўка і Іванаўскае расейцы прасунуліся ў бок гораду Часаў Яр, заняўшы адзін з асноўных умацаваных раёнаў ЗСУ. Акрамя гэтага УС РФ намагаюцца прасунуцца з паўночна-заходніх ускрайкаў Іванаўскага.

Канал «Два майора» сцвярджае, што цяпер лінія сутыкнення праходзіць на адлегласці каля 600 метраў ад Часавага Яру.

Прасоўванні расейцаў на гэтым участку фронту пацвярджаюць і аналітыкі праекту Deepstate.

Праўкраінскі «Бахмутський Балу» паведамляе, што ЗСУ па-ранейшаму кантралююць палову сяла Іванаўскае, што паляпшае іхнае становішча ў горадзе Часаў Яр.

Аўдзееўскі і навапаўлаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку войскі РФ наступаюць на захадзе ад раней занятага аднайменнага гораду.

Расейскі ваенны эксперт Барыс Рожын гаворыць, што ў паўднёвай частцы кірунку УС РФ прасунуліся ў цэнтры сяла Первамайскае, а таксама каля заходніх ускрайкаў суседняга Вадзянога.

На захадзе расейцы, хоць і з вялізнымі стратамі, рухаюцца ад раней занятага Танэнькага ў бок Уманскага.

Пры гэтым на поўначы ЗСУ пакуль удала абараняюцца ў сёлах Сямёнаўка і Бэрдычы. Паводле Рожына, без кантролю над гэтым населенымі пунктамі паўнацэнны рух на Уманскае немагчымы.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Офіцер» скептычна адносіцца да інфармацыі аб прасоўваннях расейцаў на захадзе ад Танэнькага: паводле крыніцы, тут расейцы часова заходзяць на танках углыб  пазіцыяў сілаў абароны, але даволі хутка высаджаны з тэхнікі дэсант знішчаецца вайскоўцамі ЗСУ.

Таксама варта звярнуць увагу на тое, што Мінабароны РФ па-ранейшаму не пацвердзіла захоп сяла Вадзяное, хоць раней пра гэта заяўлялі шматлікія прарасейскія крыніцы. Імаверна, УС РФ яшчэ не замацаваліся на занятых пазіцыях.

На суседнім навапаўлаўскім кірунку найбольшая колькасць атак расейцаў лакалізуецца ў ваколіцах сёлаў Георгіеўка і Новаміхайлаўка, але зменаў лініі сутыкнення не фіксуецца.

Бярдзянскі, арэхаўскі і херсонскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На бярдзянскім кірунку Узброеныя сілы РФ атакуюць на так званым урэмеўскім выступе каля населеных пунктаў Вялікая Навасёлка, Ураджайнае і Старамаёрскае, але пакуль украінскім вайскоўцам удаецца стрымліваць наступ праціўніка.

Адсутнічаюць змены і на тэрыторыі Запарожскай вобласці, дзе баі фіксуюцца на выступе па фронце паміж сёламі Вэрбовае і Работына (на поўдні ад гораду Арэхаў).

Канал «Два майора» удакладняе, што ў Работыне расейцы трымаюць пазіцыі на вуліцы Сельская, але не могуць прасунуцца далей, бо самое сяло знаходзіцца ў нізіне і добра прастрэльваецца з падкантрольных ЗСУ вышыняў.

У Херсонскай вобласці баявыя дзеянні фіксуюцца на левым беразе Дняпра, дзе ўкраінскія вайскоўцы ўтры некалькі невялікіх плацдармаў.

Генштаб ЗСУ піша пра чатыры адбітыя атакі праціўніка за содні.

Расейскі крыніцы адзначаюць безвыніковыя спробы сілаў абароны Украіны расшырыць зону кантролю ў сяле Крынкі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны