Чысты чацвер: звычаі, забароны і прыметы

Чысты чацвер або Вялікі чацвер – гэта чацвёрты дзень Перадвелікоднага тыдня перад Вялікаднем. Ён багаты на традыцыі і мае нямала забаронаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ЯМ / Белсат

У гэты дзень прынята наведваць царкоўную службу і прычашчацца. З храму вернікі нясуць дадому запаленую свечку, імкнучыся не пагасіць агонь. Калі атрымаецца, то такая свечка абароніць хату ад любых хваробаў і пажару.

Удома ў гэты дзень рыхтуюцца да Вялікадня – мыюць вокны і падлогі, робяць вялікае прыбіранне, а таксама пякуць кулічы і фарбуюць яйкі.

Рыхтуецца ў гэты дзень і так званая чацвярговая соль, ці чорная соль, якая паводле павер’яў мае гаючыя ўласцівасці. Для гэтага ў ноч з серады на чацвер звычайную соль гартуюць у печы – пакуль соль не стане чорнай, а затым асвячаюць яе ў царкве.

Чацвярговая соль лічыцца гаючай – ёю лечацца цягам года ад розных хваробаў, соляць корм хворых жывёлінаў, ставяць на велікодны стол. Некаторыя вернікі носяць чацвярговую соль з сабой як абярэг.

Калі купацца ў Чысты чацвер? Паводле старажытнай традыцыі, выкупацца трэба да ўзыходу сонца – каб сімвалічна змыць з сябе грахі, назапашаныя за год.

Чаго нельга рабіць

У гэты дзень, як і ў любы іншы на Вялікім тыдні, нельга:

  • крыўдзіцца, сварыцца, злавацца;
  • парушаць пост, весяліцца;
  • святкаваць вяселлі, дні нараджэння;
  • займацца цяжкай фізічнай працай (штодзённымі справамі можна).

Лічыцца, што ў чацвер трэба скончыць усе гаспадарчыя справы, а ў пятніцу і суботу займацца імі не варта – «пыл можа трапіць у вочы Ісусу».

Прыметы 

Існуюць і народныя звычаі ды прыметы гэтага дня:

  • у Чысты чацвер трэба падчас вялікага прыбірання вынесці з хаты ўсё смецце і хлам – так пазбавішся ад усяго дрэннага;
  • добрыя рэчы, якімі не карысталіся год, трэба аддаць таму, каму яны патрэбнейшыя – дабро вернецца сто разоў;
  • калі памыцца ў Чысты чацвер вадой са срэбнай манетай ці лыжкай – будзеш мець моцнае здароўе і прыгажосць;
  • калі выкупацца да ўзыходу сонца – то прыцягнеш у жыццё поспех.

Дрэнная прымета ў Вялікі чацвер – аддаваць штосьці з хаты ў часовае карыстанне, пазычаць, разам з гэтым можна аддаць спакой і дастатак.

Яшчэ адная кепская прымета – пакідаць у гэты дзень нямыты посуд і замочаную, але не памытую бялізну.

З таго, якія атрымаліся кулічы ў Вялікі чацвер, меркавалі, якім будзе год да наступнага Вялікадня: калі выпечка была пышная і смачная – гэта добры знак, на поспех, а калі не ўдалася – год будзе цяжкім.

Прыметы надвор’я

Вось на што трэба звярнуць увагу ў Чысты чацвер:

  • Чацвёрты дзень Вялікага тыдня выдаўся сонечным – да цёплай і яснай вясны.
  • У гэты дзень добрае надворʼе – да сямейнага шчасця і дабрабыту.
  • Дажджліва, холадна і ветрана – да такога ж надворʼя ўсю астатнюю вясну.

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны