Разбівалі сабе пальцы. Затрыманыя ашуканцы, якія калечылі сябе, каб атрымаць страхоўку

Прэс-служба МУС паведаміла аб затрыманні групы страхавых ашуканцаў. Яны наносілі сабе траўмы, каб атрымаць выплаты па страхоўках.

Фота: pressmvd / Telegram

Агулам па справе затрымана дзевяць чалавек. МУС называе кіраўніком групы 36-гадовага жыхара Магілёўскай вобласці. Сцвярджаецца, што ў групу ўваходзілі ягоныя сваякі і знаёмыя ва ўзросце ад 28 да 50 гадоў.

Па версіі міліцыі, яны заключалі дагаворы страхавання ад няшчасных выпадкаў, пасля чаго ў розных месцах, у тым ліку ў кватэрах і дачах, наносілі сабе траўмы пальцаў рук і ног, папярэдне робячы ўколы абязбольваючага. У далейшым яны фіксавалі траўмы ва ўстановах аховы здароўя і звярталіся па страхавыя выплаты.

«Атрыманыя злачынным шляхам даходы падазраваныя выдаткоўвалі на будаўніцтва і набыццё жылля, транспарту, а таксама давалі знаёмым у доўг пад працэнты. Усяго за два гады аферысты незаконна атрымалі звыш 550 тысяч рублёў», – заявілі ў МУС.

У роліку, апублікаваным прэс-службай, прадэманстраваны паказанні аднаго з затрыманых. Мужчына заяўляе, што ламаў пальцы на руках і нагах. Страхавыя выплаты складалі ад 50 да 80 тысяч рублёў.

Пры вобшуках ва ўдзельнікаў групы выяўленыя малаткі і шпрыцы з ін’екцыямі абязбольвальваючага, а таксама частка атрыманых грошай. Распачата крымінальная справа па артыкуле за махлярства, учыненае арганізаванай групай у асабліва буйным памеры.

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны